Даведайцеся, як святкуюць «Каляды» на Чашніччыне?

Каляды — народнае зімовае свята. Працягваецца дванаццаць дзён з 6 па 19 студзеня — з першай Каляды да Вадохрышча. Па звестках народнага фалькорнага калектыву  “Кругліца” ў іх мясцовасці казалі так: “19 – Хрышчэнне, 20  –  Разрашэнне, а 21 у першай палове дня – сход Каляд”. Так,  21 студзеня, па меркаванні старажыл, неабходна  абавязкова на парозе перасячы галень (венік без лісточкаў) і спаліць у печы, каб усе калядныя грахі (калі хто працаваў святочнымі вечарамі ў Каляды, а гэта забаранялася рабіць ) адышлі і не шкодзілі на працягу года ні сям’і, ні гаспадарцы.  Для Каляд характэрны тры абрадавыя вячэры (куцці): посная (вялікая) спраўляецца перад першым  святочным днём, багатая (тоўстая, шчодрая) з мяснымі стравамі — у Шчодры вечар (вечар перад  Старым Новым годам), посная (галодная, вадзяная) — перад Вадохрышчам.

Каляды заўсёды былі вельмі папулярнымі ў  нашых продкаў, яны ўдзельнічалі ў разнастайных калядных забавах, гульнях, танцах. Калядоўшчыкі аб’ядноўваліся ў групы па  некалькі чалавек, пераапраналіся ў розныя маскарадныя касцюмы  «казы», «каня», «бусла», «мядзведзя». Кампанію ўзначальваў «звяздар», які  нёс калядную зорку, павадыр вёў «казу». Таксама ў кампаніі калядоўшчыкаў былі музыкі, механоша (той, хто насіў мех для пачастункаў) і «цыган» ці «цыганка». Калядоўшчыкі збіраліся разам у дамоўленым месцы і з песнямі абыходзілі па чарзе ўсе хаты вёскі. Гэтыя традыцыі вось ужо шмат год працягваюцца ўдзельнікамі  народнага фальклорнага калектыву “Кругліца”. У гэтым годзе 6 студзеня яны наведаліся з абрадам калядавання “Зноў Каляда прыйшла” да жыхароў вёскі Труханавічы, а 13 студзеня – Кругліцы.

Калядоўшчыкі вадзілі казу, спявалі, віншавалі гаспадароў са святам Каляд, гулялі ў народныя гульні, жадалі гаспадарам і іх блізкім дабрабыту, здароўя, шчасця і радасці. Каза для іх паскакала, пажадала год пражыць у мілосці. А яшчэ калядоўшчыкі засявалі ў дварах вяскоўцаў збожжа, 

Каб і з поля, і вады
У дом дастаткі йшлі заўжды.

Жыхары вёскі  за гэта частавалі калядоўшчыкаў салодкімі прысмакамі і запрашалі прыходзіць да іх на свята ў наступным годзе.

Госці з развітальнай песняй пакідалі кожны двор, бо з-за пандэміі каронавіруса тыя ў хаты не заходзілі.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *