Чаму ў Новалукомльскай дзіцячай школе мастацтваў было мнагалюдна

У Новалукомльскай дзіцячай школе мастацтваў зноў загучалі «жавароначкі» — так называюць удзельнікаў канцэрта, які праходзіць ва ўстанове ў рамках раённага конкурсу ансамблевай ігры. У апошнюю нядзелю сакавіка, у дзень веснавога раўнадзенства, які нашыя продкі адзначалі як свята прылёту птушак, на сцэне ДШМ выступалі юныя музыкі з раённага цэнтра і горада энергетыкаў. Вясну-красну зазывалі 35 таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія аб’ядналіся ў 16 ансамбляў.

Гэта ўжо шостае мерапрыемства, якое ладзяць на Чашніччыне раз у два гады. Прымеркавана яно да свята «Саракі», на якое, верылі нашы родзічы, дадому вярталася 40 відаў птушак, а першымі — жаўрукі. Таму ўрачыстасць яшчэ называлі «Жаваранкі».

Арганізатары адзначаюць: творчае спаборніцтва дапамагае далучыць дзяцей да музычнай спадчыны, павышае ўзровень сцэнічнай культуры. Падчас ігры ў ансамблі тыя, хто выступае, павінны адчуваць адзін аднаго. А гэта справа нялёгкая. Трэба навучыцца весці музычны дыялог, своечасова падаваць рэплікі і саступаць, калі неабходна. Усё разам развівае ў вучняў пачуццё тэмпу, рытму, музычную памяць.


У склад журы ўвайшлі дырэктары і настаўнікі вышэйшай катэгорыі мастацкіх школ Чашнік і Новалукомля,спецыялісты раённага аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.
Пераможцаў і прызераў конкурсу «Жавароначкі» вызначалі ў трох узроставых групах. У малодшай (1-2 класы школ мастацтваў) з шасці дуэтаў першае месца занялі баяністы Чашніцкай ДШМ Андрэй і Арцём Стаховічы. Другое і трэцяе месцы — выхаванцы Новалукомльскай ДШМ: піяністы Аляксандра Шлык, Радамір Дзевалтоўскі, а таксама акардэаністы Яраслаў Неаронаў і Глеб Вайцяховіч.

Лепшых журы ў сярэдняй ўзроставай групе (3-4 класы школ мастацтваў) вызначала сярод сямі калектываў. Лідаркамі сталі чашнічанкі Марыя і Уладзіслава Вейгант (фартэпіяна). Другое месца прысуджана новалукамчанам Івану Баляскову (цымбалы) і Аліне Камаровай (фартэпіяна). Трэцяе падзялілі скрыпачы Віталія Мацарская , Аляксандр Зарэцкі і дуэт балалаек — Арцём Кароткі і Цімафей Шчарбянок.

У старэйшай групе за перамогу змагаліся таксама шэсць ансамбляў, сярод якіх лепшымі сталі прадстаўнікі Новалукомльскай ДШМ. Першымі — трыа цымбалістаў: Арцём Кубарскі, Аляксандр Валацько, Антон Мельнікаў. Другое месца спецыялісты, што ацэньвалі ўдзельнікаў, прысудзілі школьнікам — акардэаністу Ілью Неаронаву і баяністу Мацвею Афанасьеву. Трэцяе — фартэпіяннаму дуэту Дар’і Шкарубы і Дыяны Кашчэевай.

Але званчэй за ўсіх на свяце гучалі галасы музычных інструментаў у руках Антона Мельнікава і Дар’і Шкарубы (цымбалы —фартэпіяна). Выхаванцы школы мастацтваў Новалукомля атрымалі Гран-пры конкурсу.

Ізноў «Жавароначкі» збяруць гасцей у сакавіку 2023 года. А пакуль юныя музыканты будуць старанна займацца і рыхтавацца да новай сустрэчы.

Варвара ЮРКЕВІЧ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *