Прапаноўваем даведацца, дзе захоўваецца гістарычная спадчына В. Цяпінскага

З усіх дзеячаў беларускай даўніны постаць Васіля Цяпінскага, напэўна, найменш вывучаная. І гэта пры тым, што перакладчыцкая і выдавецкая справа Цяпінскага ставiць яго ў адзін шэраг з найвыдатнейшымі асобамі Беларусі.

Васіль Цяпінскі (Амельяновіч) (прыблізна 1540-1604 гг.) – славуты дзеяч беларускай Рэфармацыі. Нарадзіўся ў вёсцы Цяпіна (цяпер Чашніцкі раён). Сваё прызнанне ён знайшоў на ніве асветы і культурнай дзейнасці.

Галоўная ж заслуга В.Цяпінскага перад гісторыяй і беларускім народам у тым, што ён на поўны голас заявіў пра неабходнасць развіцця навукі, літаратуры, культуры на матчынай мове, заклікаў пашыраць на ёй Слова Божае. Ахвяруючы ўласнымі сродкамі, распачынае пераклад Апостальскага Пісьма, закладвае друкарню і выдае ў ёй кнігі Новага Запавету.

Прапаную здзейсніць завочную экскурсію ў родную вёсачку асветніка і наведаць гісторыка-краязнаўчы музей Цяпінскай дзіцячага сада-сярэдняй школы, прысвечаны  нашаму земляку. Спачатку мы бачым памятны камень, які быў устаноўлены на месцы сядзібы Цяпінскіх падчас святкавання 450-годдзя з дня нараджэння асветніка, а пасля дастаўлены на тэрыторыю школы.

Апошняя і з’яўляецца цэнтрам па захаванні гістарычнай спадчыны знакамітага земляка. У фае школы ўстаноўлены макеты сядзібы Васіля Цяпінскага, якія былі зроблены ў мінулым годзе да  480-годдзя друкара.Установы адукацыі пастараліся на славу, з якога толькі матэрыялу не зроблены  яны: дрэва, пластык, кардон, пенапласт і іншае. Усе па-свойму прыгожыя і арыгінальныя. На другім баку фае, на сцяне, размешчаны малюнкі, дзе мы можам убачыць каляровыя і чорна-белыя выявы самога дзеяча, яго маёнтак, друкарню, перакладзеныя кнігі.

Музей прыняў сваіх першых наведвальнікаў у 1990 годзе. Ініцыятарамі адкрыцця былі тады дырэктар І. У. Юркавец,  настаўнікі і вучні школы. У музеі налічваецца  звыш 200 музейных прадметаў. Экспазіцыя складаецца з 7 раздзелаў. Тут можна пазнаёміцца з традыцыйнымі сельскагаспадарчымі і рамесніцкімі прыладамі, прадметамі побыту беларусаў, з дакументальнымі матэрыяламі пра падзеі грамадзян-скай, Вялікай Айчыннай войнаў. Сабраны багаты матэрыял пра вядомых землякоў, якія ў розныя часы працавалі на карысць Радзіме. Упісана ў гісторыю школы і афганская старонка.

і вось раздзел, прысвечаны В.Цяпінскаму. Як расказаў кіраўнік музея Сяргей Станіслававіч Жылінскі, на жаль, звестак аб Васілю Цяпінскім вельмі мала, але ў музеі можна даведацца і пра заснавальнікаў роду Цяпінскіх, і пра родавы маёнтак сям’і. І пра тое,  што галоўнай справай жыцця гэтага чалавека  стала асвета. Да нашага часу захоўваецца  адзіны экзэмпляр друкаванага «Евангелля» з рукапіснай «Прадмовай» у Дзяржаўнай публічнай бібліятэцы імя Салтыкова-Шчадрына ў Санкт- Пецярбурзе. Ёсць у школьным музеі публікацыі, кнігі, прысвечаныя  жыццю і дзейнасці земляка.

 Таксама можна  пабачыць радаводнае дрэва Цяпінскіх. Вялікую даследчую працу правялі настаўнікі і вучні, каб сабраць усіх родных і блізкім у адным месцы. Аформіць дрэва дапамагла Юлія Евянок, педагог Чашніцкага раённага цэнтра  дзяцей і моладзі.

У школе створана Цяпінская школьная Рэспубліка. На гербе адлюстраваны партрэт друкара. Нашчадкі Васіля Цяпін-скага шануюць памяць асветніка, клапоцяцца пра спадчыну гуманіста, а гэта значыць, што яго імя бу-дзе жыць вечна.

Калі мы неабыякавыя да сваёй гісторыі, ганарымся сваім славутым земляком, то павінны самі быць паслядоўнікамі яго справы. І дзяцей вучыць любіць сваю зямлю, народ, захоўваць яго спадчыну. Таму лепш наведаць вёску Цяпіна, пацікавіцца гісторыяй роду Цяпінскіх. Гэта будзе карысна.

Ірына САЛАЎЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *