Радаводнае дрэва Цяпінскіх

Без ведання гiсторыі не можа быць будучынi. Мiнулае чалавека — гэта каранi вялікага родавага дрэва. Не будзе каранёў — загiне дрэва, не застанецца ў будучым i памяцi пра яго. I таму трэба ахоўваць, берагчы не толькi радаводнае дрэва, але i кожную яго галiну, якая тоіць у сабе памяць аб далёкiх продках.


Калектыў Чашніцкага гістарычнага музея сабраў інфармацыю пра род Цяпінскіх, звяртаючыся да архіўных дакументаў, кнігі «Памяць. Чашніцкі раён», інтэрнэт-рэсурсаў. Навуковыя супрацоўнікі Надзея Юр’еўна Кароль, Галіна Іванаўна Рубан, Юлія Сямёнаўна Пухавіцкая апрацавалі сабраны матэрыял, сістэматызавалі яго. Гэта праца дазволіла пашырыць надзвычай скупыя гістарычныя звесткі пра жыццёвы шлях Цяпінскага, яго сваяцкіх і сямейных сувязях. Зрабіў генеалагічнае дрэва роду Цяпінскіх мастак Уладзімір Якаўлевіч Еленскі. Атрымалася вельмі прыгожа, бо ён пастараўся на славу.

Глядзіш на дрэва і бачыш гэты багаты род. А пачаўся ён з роду Служак, які ад двух сыноў Амельяна стаў размяжоўвацца на два роднасныя — Служак і Цяпінскіх. Далей радаводнае дрэва паступова разгаліноўвалася.

Цяпер яно стане часткай інтэрактыўнай пляцоўкі фестывалю. Прыходзьце на свята і знаёмцеся з гісторыяй роду Цяпінскіх.

Супрацоўнікі музея да свята распрацавалі забаўляльную праграму «Дзе асвета, там дабро», якая пазнаёміць чашнічан і гасцей фестывалю з эпохай Цяпінскага, яго жыццём і творчасцю. Таксама яны падрабязна раскажуць пра родных і блізкіх асветніка, абапіраючыся на генеалагічнае дрэва.
У рамках фестывалю ўбачым і выставу лепшых работ па стварэнні герба роду Васіля Цяпінскага.

Дрэва моцнае сваімі каранямі, рака — вытокамі, а чалавек — сваімі продкамі.  Няхай моцным будзе радаводнае дрэва Цяпінскіх! 

Ірына САЛАЎЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *