18 верасня ў г.п Шуміліна прайшоў фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2021»

18 верасня ў г.п Шуміліна  прайшоў фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2021», які сабраў дэлегацыі ўсіх раёнаў Віцебскай вобласці, перадавых аграрыяў, прадстаўнікоў лепшых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Госці з розных куткоў вобласці з’ехаліся ў гэты ўтульны гарадок, каб да зямлі пакланіцца хлебаробам, пазнаёміцца з дасягненнямі сельскагаспадарчай галіны рэгіёну і проста добра правесці час. Дэлегацыя нашага раёна, якую ўзначаліў старшыня райвыканкама Л. У. Пляшко, была актыўным удзельнікам свята. Ужо з самай раніцы на мяжы з Шумілінскім раёнам  гасцей віталі хлебам-соллю, добрымі, шчырымі словамі.

Традыцыйна правядзенне «Дажынак» дае населенаму пункту нагоду папрыгажэць і ўдасканаліцца. Не стаў выключэннем і  гарадскі пасёлак Шуміліна, дзе падчас падрыхтоўкі да абласнога свята з’явілася ці было абноўлена больш за сто аб’ектаў.

Жадаючыя наведалі новы спартыўны комплекс, пабудаваны па сучасных тэхналогіях, дзе з’явіліся бегавыя дарожкі з наліўным гумавым пакрыццём, крытыя трыбуны, варкаўт-пляцоўка. Тут з задавальненнем займаюцца маладыя шумілінцы і сталыя гараджане. У святочны дзень адбыліся спаборніцтвы па міні-футболе, баскетболе, усе жадаючыя змаглі паспрабаваць сябе ў кіраванні картынгу.

Маштабную рэканструкцыю перажыла адна з буйнейшых устаноў адукацыі – сярэдняя школа № 1. У новым навучальным годзе яна атрымала статус «школы будучыні».  Кіраўніцтва раённых і гарадскіх  выканкамаў вобласці на чале са старшынёй Віцебскага аблвыканкама Мікалаем Шарснёвым  наведалі ўстанову адукацыі. Гэта своеасаблівы рэсурсны цэнтр для руху наперад  інавацый. Тут  створаны ўмовы для ўсебаковага развіцця дзяцей.  Самае сучаснае абсталяванне для камфортнага навучання, вопытныя настаўнікі. Галоўная задача школы будучыні – даць магчымасць дзецям знайсці сябе ў прафесіі.  

Яркімі фарбамі зайграў і жылы фонд. Сапраўдным упрыгожаннем пасёлка сталі арт-аб’екты: тэлефонная будка, дарожны каток, футбольныя  буц і мяч. З’явіўся сучасны шмат’ярусны фантан з рознакаляровай падсветкай.

Арганізатары маштабнага мерапрыемства пастараліся, каб яно было максімальна відовішчным і цікавым для гасцей усіх узростаў.

Раённы цэнтр культуры за-прасіў на выставу дажыначных снапоў з усіх раёнаў Віцебшчыны, тут можна было наведаць выставы, прысвечаныя хлебу і хлебаробам. Чашніцкі сноп за-слугоўваў увагі. Нашы хлебаробы вельмі стараліся на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур. 

Госці свята змаглі азнаёміцца з выставамі рэтра-аўтамабіляў, сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікі, прыгожых караваяў. Каравай нашага раёна, зроблены новалукамчанамі, займаў пачэснае месца сярод іншых вырабаў і выглядаў вельмі апетытна.

Таксама жадаючых чашнічане запрашалі да палаткі з брэндам фальклорнага фестывалю, прысвечанага Васілю Цяпінскаму. А народныя калектывы Чашніцкага цэнтра культуры і народнай творчасці  забаўлялі шумілінцаў і гасцей свята канцэртнымі нумарамі.

У гарадскім парку цікавую праграму для моладзі падрыхтавала абласная арганізацыя ГА БРСМ. Супрацоўнікі МНС праводзілі розныя конкурсы і навучальныя гульні для дзяцей, накіраваныя на вывучэнне асноў бяспекі жыцця-дзейнасці.

Асабліва гледачоў ўразілі паказальныя выступленні  ваенна-служачых 103-й мабільнай брыгады з выставай ўзбраенняў і тэхнікі. 

Які кірмаш без гандлёвых радоў? Яны занялі цэнтральныя вуліцы гарадка. Сваю прадукцыю прапаноўвалі прадпрыемствы не толькі Віцебскай вобласці, але і ўсёй краіны.

Ушанаванне пераможцаў абласнога спаборніцтва стала ключавой падзеяй і галоўнай урачыстасцю, якая крыху пазней распачалася на цэнтральнай  плошчы. Перад тым як заняць глядацкія месцы, дэлегацыі раёнаў з гонарам прайшлі па галоўнай вуліцы пасёлка. І было надзвычай прыемна бачыць, як па шляху даволі працяглага маршруту мясцовыя жыхары, госці запоўнілі ўсе тратуары і віталі лепшых аграрыяў авацыямі.

На галоўнай пляцоўцы фестывалю дажыначны сноп ўраджаю 2021 года ўручылі старшыні Віцебскага аблвыканкама М. М. Шарснёву.

Традыцыйна сваё прывітанне хлебаробам Віцебскай вобласці даслаў Прэзідэнт краіны А. Г. Лукашэнка, зачытаў жа яго, а таксама выказаў асабістыя словы пашаны памочнік прэзідэнта Рэспублікі Беларусь В. І. Бельскі. Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч,у сваю чаргу, з вельмі шчырай і змястоўнай прамовай звярнуўся да прысутных. Агучыў нямалыя сёлетнія дасягненні, акрэсліў тыя напрамкі, па якіх варта рухацца, каб зрабіць аграрны сектар рэгіёну яшчэ больш прыбытковым.

Словы падзякі  ў адрас аграрыяў няспынна гучалі са сцэны «Дажынак».

Сярод узнагароджаных і прадстаўнікі нашага раёна. Сямён Прохаравіч Кузьмін, дырэктар ААТ «Дварэц працы -Агра», атрымаў Падзяку Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Максім Юр’евіч Скрабнеўскі, дырэктар ААТ «Проземле-Агра», – Ганаровую грамату  Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК.

Падчас святочнага мерапрыемства сельскагаспадарчыя арганізацыі, якія забяспечылі правядзенне ўсіх тэхналагічных цыклаў па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, атрымалі  ў падарунак тэхніку. Трактар «Беларус 82.1» вытворчасці Мінскага трактарнага завода  накіраваўся  ў ААТ «Вядрэнскае -Агра»,  узначальвае якое А. В. Пух. На сцэну падымаўся  і дырэктар ААТ «Проземле-Агра» М. Ю.Скрабнеўскі, каб атрымаць ключы ад аўтамабіля «LADA». Віншуем з за-служанымі ўзнагародамі!

Нягледзячы на халоднае надвор’е, людзей сабралася шмат. Усе віталі шчырымі апладысментамі ўзнагароджаных. Са сцэны гучалі музычныя прывітанні.

Фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі Віцебскай вобласці «Дажынкі-2021», які доўжыўся два дні, запомніўся  яркімі ўражаннямі як моладзі, так і сталаму пакаленню. Бо асноўная задача «Дажынак» – выказаць словы шчырай падзякі працаўнікам сяла, і гэта было зроблена. Свята прайшло цікава і дынамічна.

«Дажынкі -2022» пройдуць у Глыбокім.

 Ірына САЛАЎЁВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *