Турыстычны патэнцыял Чашніччыны велізарны. На тэрыторыі раёна размешчана шмат значных гісторыка- культурных і прыродных аб’ектаў. Вось толькі дабрацца да іх часта не так ужо і лёгка. Нават мясцоваму непераборліваму вандроўніку, не кажучы пра заезджага турыста. Аб гэтым ў чарговы раз нам паведамляюць чытачы газеты.
Крыніца «Езус» у раёне пасёлка Кастрычніцкі вядома многім жыхарам Чашнікаў і бліжэйшых вёсак. Месца асвечанае Праваслаўнай Царквой. Сюды прыязджаюць, каб набраць гаючай вады, а то і проста прагуляцца па лесе, назбіраць ягад і грыбоў. Куток прыцягальны як для гасцей, так і для чашнічан. Патрапіць сюды можна, павярнуўшы з асфальта на лясную дарогу. А вось далей пачынаюцца сапраўдныя прыгоды. Праўда, са знакам мінус. Каб даехаць да месца, дзе бярэ пачатак лясны ручай, нават летнім сухім надвор’ем трэба браць джып ці «УАЗ». Іншы «жалезны конь» лёгка застанецца сярод пясчаных барханаў, у якія лесавозамі пераўтворана калісьці нармальная грунтоўка. Каляіны ў метр глыбінёй зараз дзе-нідзе прыбраныя, затое дарога ўяўляе сабой таўсты пласт пылу і пяску. А ўжо калі пройдзе дождж, то суцэльныя плыні гразі можна пераадолець толькі на добрым трактары.
Лесагаспадарчая дарога знаходзіцца на тэрыторыі Альшанскага сельвыканкама, яна — у зоне адказнасці Чашніцкага лясніцтва, а нарыхтоўку і вываз драўніны ажыццяўляе Бешанковіцкі лясгас. Гаспадароў, выходзіць, шмат, а вынік — як у той прыказцы: дзе багата гаспадыняў, там хата не меценая. Толькі з адной папраўкай, што не прыдатнай для праезду застаецца шлях да значнага турыстычнага аб’екта.
Як гаворыць надпіс на паказальніку, дарога вядзе да гідралагічнага помніка прыроды мясцовага значэння «Крыніца Езус». Назва афіцыйная, і раённыя ўлады сумесна з храмам Праабражэння Гасподня г. Чашнікі шмат зрабілі, каб месца было прывабным для гасцей. Абсталявана купель, адрамантаваны спуск, на пад’ездзе ўладкавана альтанка, пастаўлены лаўкі. Толькі вось дабрацца да ўсёй гэтай прыгажосці застаецца праблемай.
Хочацца спадзявацца, што рашэнне ўсё ж знойдзецца, а лесанарыхтоўчыя арганізацыі будуць больш руплівымі гаспадарамі, пакідаючы за сабой лес і лясныя дарогі, а не пустыню з пясчанымі барханамі.
Андрей ШИДЛОВСКИЙ