Секрет успеха молодого тренера Кирилла Тарана из Новолукомля

Кожны чалавек імкнецца стаць паспяховым. Няважна ў якой галіне. Дасягнуць пэўных вышынь магчыма толькі праз штодзённую працу над самім сабой. У гэтым перакананы і трэнер па футболу Кірыл Таран.
Наша сустрэча адбылася напярэдадні Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту. Кірыл Аляксандравіч толькі пачынае свой прафесійны шлях — малады спецыяліст. Вучыўся па мэтавым накіраванні, прыехаў па размеркаванні ў Чашніцкую дзіцяча-юнацкую спартыўную школу, і працуе трэці год трэнерам па футболу.

— У футболе я з дзіцячага ўзросту, — прызнаецца малады чалавек. — Маці аддала ў спартыўную секцыю яшчэ ў другім класе, з тых часоў і сябрую з футболам. Я ў дзяцінстве быў вельмі актыўны,рухав ы, таму менавіта перавага была аддадзена футболу. Ніколькі не шкадую, наадварот – удзячны матулі.
Вось сапраўды цудоўны прыклад, калі дзіцячыя захапленні перараслі ў прафесійны інтарэс. Спецыяльнасць трэнера па футболу і настаўніка фізічнай культуры атрымаў, закончыўшы Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. І зараз сваю любоў да футбола, якую ў значнай меры, па прызнанні маладога трэнера, прывіў яму ў свой час Алег Драздоў, Кірыл імкнецца перадаць падрастаючаму пакаленню. Зараз ён трэніруе пяць груп футбалістаў і адначасова выкладае фізічную культуру ў другой Новалукомльскай школе імя Ф. Ф. Азміцеля. Як адзначыў суразмоўца, трэнерская работа яму бліжэй чым выкладчыцкая. Менавіта ад яе атрымоўвае асалоду і задавальненне, прычым яно ўзаемнае. Дзеці таксама бягуць, у прамым сэнсе гэтага слова, да маладога трэнера на заняткі. У гэтым мы пераканаліся, заспеўшы героя артыкула на футбольным полі, калі толькі пачыналася трэніроўка. Дзеці літаральна «разрывалі» свайго Аляксандравіча на часткі, не даючы ўзяць інтэрв’ю. І ён у сваю чаргу імкнуўся кожнаму ўдзяліць увагу. Назіраючы, як захапляльна, гэта прытым, што я не аматар футболу, займаюцца дзеці пад кіраўніцтвам Кірыла Аляксандравіча, злавіла сябе на думцы: малады чалавек на сваім месцы.

Цікава і тое, што трэнер не абмяжоўвае сваю работу толькі трэніроўкамі. Ён імкнецца вывозіць сваіх падапечных на разнастайныя футбольныя спаборніцтвы. Так ад федэрацыі футболу яго выхаванцы прымаюць актыўны ўдзел у футбольных фестывалях. Няхай там няма моманту спаборніцтва: дзеці проста гуляюць з іншымі, такімі ж пачынаючымі камандамі. Малады трэнер перакананы ў іх неабходнасці, яны выхоўваюць дух спаборніцтва, надаюць упэўненасці ў сваіх сілах. А калі трэнер верыць у сваіх выхаванцаў і робіць усё магчымае для іх росту, не за гарамі той час, калі і ў беларускім футболе з’явіцца свой Раналду з чашніцкімі каранямі.
Валянціна ПРЫШЧЭПАВА