28.04.2026
Беларусь помнит

День всенародной памяти жертв Великой Отечественной войны отметили на Чашниччине

  • 22 июня, 2025
  • 0 min read
День всенародной памяти жертв Великой Отечественной войны отметили на Чашниччине

На Чашніччыне адзначылі Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа. Дзень самы трагічны ў гісторыі, бо цана перамогі ў той вайне для нашай краіны непамерная – загінуў кожны трэці беларус, а на Віцебшчыне, па ўстаноўленых у апошні час фактах, – кожны другі.

Гэты дзень распачалі нашы землякі ў чатыры гадзіны раніцы лічбавай патрыятычнай эстафетай «22». Яна прайшла на брацкай магіле ў Чашніках. У гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў, вызваляўшых нашу зямлю, маладыя людзі запалілі лампадкі і выставілі іх у форме лічбы 22.

Асноўныя мерапрыемствы прайшлі апоўдні на мемарыяльным комплексе «Вішанькі», дзе на жалобны мітынг сабраліся кіраўніцтва раёна і прадстаўнікі ўсіх арганізацый.

Людзі прыйшлі, каб аддаць даніну памяці ўсім, хто загінуў у пекле вайны. Каб яшчэ раз прыгадаць жахлівыя эпізоды вайны, што страшэннай навалай абрынуліся на нашу зямлю роўна 84 гады таму такім жа чэрвеньскім нядзельным ранкам. Толькі ў нашым раёне фашыстамі знічтожана 187 населеных пунктаў. Ахвярамі нямецкага тэрору стала больш за 15 тысяч чалавек.

Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых. Затым да прысутных звярнуўся старшыня Чашніцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Быкаў.

– Наша краіна стала арэнай баёў, месцам людскіх трагедый, – адзначыў Аляксандр. – Мы ніколі не забудзем зверстваў акупантаў, накіраваных на поўнае знічтажэнне беларускага народа. Будзем памятаць кожнага, хто аддаў сваё жыццё за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы, хто змагаўся на франтах, у партызанскіх атрадах, хто працаваў у тылу. Сёння, калі свет зноў сутыкнуўся з праявамі фашызму і гвалту, мы павінны быць асабліва пільнымі. Трэба памятаць урокі гісторыі, каб не дапусціць паўтарэння трагедыі. Мы павінны ўмацоўваць адзінства беларускага народа. Наш свяшчэнны абавязак выхаваць моладзь у духу патрыятызму, любові да Радзімы і культуры свайго народа. Моладзь павінна ведаць цану перамогі і свабоды.

Гэтыя словы прагучалі як наказ, як запавет маладому пакаленню. Вельмі сімвалічным у гэтай сувязі было выступленне вучаніцы Цяпінскай СШ, члена АА «БРСМ» Анастасіі Раманенка.

– Мы, прадстаўнікі маладога пакалення, знаходзячыся на гэтай трагічнай зямлі, усведамляем маштабы трагедыі ваенных дзён. Мы павінны жыць за дзяцей, якія загінулі, і ніколі не забываць жаху, праз які ім давялося прайсці. Абяцаем насіць у сабе боль гэтай зямлі як самы дарагі ўрок. Не забываць імёны герояў і расказваць пра іх сваім дзецям. Берагчы мір, які нам падарылі. Толькі ад нас залежыць, якой будзе Беларусь. Сёння абяцаем зрабіць усё магчымае, каб вайна ніколі не вярнулася нашу зямлю. Няхай памяць будзе мацней за смерць, а мір больш трывалы чым вайна.

Памяць – тое, што кожны павінен захаваць і пранесці праз усё жыццё.
Валянціна ПРЫШЧЭПАВА

Поделиться в: