У мінулую пятніцу «Чырвоны прамень» адсвяткаваў 95-гадовы юбілей. Як і належыць, святочнае мерапрыемства атрымалася душэўным, бо запрасіла раёнка сваіх шчырых сяброў. У Чашніцкай дзіцячай школе мастацтваў сабраліся прадстаўнікі прамысловых прадпрыемстваў, бюджэтных арганізацый, рознага кшталту ўстаноў, службаў. Не дзіва, бо ўсе яны нашы чытачы, прыхільнікі друкаванага слова. Газета піша пра ўсё і ўсіх.

Ніводнае свята не абыходзіцца без цёплых слоў, пажаданняў плёну, узнагарод. Так было і на гэты раз. Старшыня райвыканкама Дзмітрый Станкевіч зачытаў Прывітальны адрас кіраўніцтва Віцебскага аблвыканкама і аблсавета. Таксама кіраўнік раённай вертыкалі ад сябе асабіста павіншаваў работнікаў і ветэранаў газеты з юбілеем, адзначыў вялікую ролю рэгіянальных СМІ на сучасным інфармацыйным полі. Пад апладысменты публікі Падзякі старшыні райвыканкама атрымалі загадчык аддзела дызайну і вёрсткі Марына Мінчукова і аператар электроннага набору і вёрсткі Ірына Корбан.
За аператыўнасць і аб’ектыўнасць у асвятленні падзей жыцця Чашніччыны калектыву «Чырвонага праменя» падзякаваў старшыня райсавета дэпутатаў Аляксандр Косаў. Ён уручыў Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў галоўнаму рэдактару газеты Наталлі Стукалавай.
Вядома ж, слова ўзяла і сама рэдактарка. Наталля Мікалаеўна выразіла ўпэўнінасць, што і надалей раёнка будзе сябраваць з усімі прадстаўнікамі шырокай грамадскасці. Калектыў зробіць усё магчымае, каб чытачы былі задаволеныя. Галоўнае, каб газета адчувала народную падтрымку.
Галоўны рэдактар узнагародзіла Граматамі і каштоўнымі падарункамі лепшых супрацоўнікаў выдання, ветэранаў. Сваю падзяку атрымалі і юныя карэспандэнты, якія супрацоўнічаюць з раёнкай, спрабуюць сябе ў ролі майстроў друкаванага слова. А потым надышоў час Наталлі Мікалаеўне самой прымаць шматлікія падарункі ад гасцей свята. Інакш і быць не магло ў такі дзень.

Змястоўную канцэртную праграму падрыхтавалі работнікі Чашніцкага цэнтра культуры і народнай творчасці Чашніцкай дзіцячай школы мастацтваў. Зрабілі ўсё магчымае, каб публіка была задаволеная. За гэта вялікі дзякуй артыстам.
А «Чырвоны прамень» працягвае пісаць гісторыю. Як неаднаразова гучала пад час свята, наступны прыпынак на слаўным шляху — 100-гадовы юбілей. Дай Бог усім нам яго дачакацца і адзначыць як належыць. Раёнка ўпэўнена крочыць па жыцці разам са сваімі чытачамі.
Юрась АЛЕКСАНДРОВІЧ