Юбілей газеты. Наш агульны праменчык святла
Хуткі і імклівы час… Нават не верыцца, што наш любімы «Чырвоны прамень» адзначае 95-годдзе. Напрыканцы далёкага 1930-га выйшаў у свет першы нумар Чашніцкай раённай газеты. Назва тады была іншай. У краіне Саветаў набірала ход калектывізацыя. Менавіта на ёй канцэнтравалася ўвага. Патрэбна было друкаваным словам падтрымліваць тыя працэсы. Далей газета крок за крокам адлюстроўвала жыццё раёна. Хапала ўсякага – і добрага, і ліхога. Заўсёды наша раёнка была з народам і для народу. На тым і трымаецца.
«Чырвоны прамень» – гэта не толькі шматлікія публікацыі, летапіс жыцця раёна. Гэта перш за ўсё людзі, якія шмат гадоў адпрацавалі ў перыядычным выданні. У юбілейны год на старонках газеты чытачы маглі пабачыць шмат матэрыялаў, у якіх распавядалася пра жыццёвы і творчы шлях многіх былых работнікаў. Трэба памятаць усіх, хто зрабіў свой унёсак у агульную справу. Як прынята казаць, ад пачатку да дня сённяшняга.
Ужо 2025 год вось-вось стане гісторыяй. І на заслужаным адпачынку знаходзяцца тыя, хто шчыраваў у раёнцы ў першай чвэрці дваццаць першага стагоддзя. З нагоды юбілею дадзім слова ветэранам рэдакцыі. Бо яны жывуць побач і ўважліва сочаць за тым, як сённяшні калектыў спраўляецца з будзённымі справамі. Паслухаем тых, хто шмат год адпрацаваў у «Чырвоным прамяні». Ім ёсць што сказаць.

Ірына Фёдараўна ТОРБІНА, былы рэдактар аддзела грамадска-палітычнага жыцця:
— Працаваць у раёнцы я стала ў 1999 годзе. Да гэтага была настаўніцай. Выкладала рускую мову і літаратуру. Прычым дамаглася поспехаў у прафесіі. Незадоўга да таго, як вырашыла паспрабаваць сябе на ніве журналістыкі, атрымала вышэйшую катэгорыю настаўніка. У той час гэта было непроста зрабіць. Непроста мне далося і рашэнне памяняць прафесійную дзейнасць. У газеце як раз аб’явілі творчы конкурс. Шукалі кадры. Я адгукнулася. Добра памятаю свой першы матэрыял. Галоўным рэдактарам тады працавала Алена Бегунова. Маладая, энергічная, мне вельмі спадабаўся яе запал. Паслала мяне рэдактарка ў Новалукомль браць інтэрв’ю ў кіраўніка жыллёвакамунальнай гаспадаркі. Працу маю ацаніла, прапанавала пераходзіць у рэдакцыю. Нейкі час я сумяшчала педагогіку і журналістыку, а потым прыняла рашэнне на карысць творчай работы. Прыйшла ў рэдакцыю і больш нікуды не сыходзіла. Аж да выхаду на заслужаны адпачынак. 18 гадоў адпрацавала ў «Чырвоным прамяні». І лічу, што гэта былі лепшыя гады. Запомнілася шмат чаго. Дружны калектыў, творчая абстаноўка. Мяне натхнялі мае калегі. Анатоль Храпскі, Уладзімір Міхно, Ларыса Паўлоўская — вось на каго раўнялася. Сапраўдныя майстры слова, проста добрыя людзі, якія заўжды дапамогуць і словам, і справай. І галоўныя рэдактары (пасля Алены Бегуновай доўгі час калектыў рэдакцыі ўзначальваў Міхась Дзеравяга) давалі магчымасць спакойна займацца творчасцю. Ведаеце, што мне ўзгадваецца з мінулага. Як прыходзілі ў самым пачатку «нулявых» у кабінет да намесніка галоўнага рэдактара Анатоля Паўлавіча Храпскага ветэраны вайны і працы, людзі ў раёне вядомыя і паважаныя. Часам яны крытыкавалі газету, выказвалі пажаданні. Я сядзела ў суседнем кабінеце, не магла гэтага не чуць. Рабіла высновы. І змест публікацый адпаведна мяняўся. Вось такой жывой сувязі з чытачом я жадаю сённяшнім журналістам. Толькі так можна выжыць у эпоху Інтэрнэта. Звычка браць у рукі газету і чытаць не знікла ў многіх людзей. Але папяровая версія павінна быць цікавай, адпавядаць інтарэсам чытачоў. Яны галоўныя арбітры на інфармацыйным полі.

Тамара Аляксееўна ЯЗЁНАК, адпрацавала ў рэдакцыі 16 гадоў на пасадах загадчыка аддзела пісем і адказнага сакратара: — Так сталася, што ў 2002 годзе я вярнулась на радзіму, у свой Чашніцкі раён. Трэба было шукаць працу. Я па прафесіі педагог, аднак парой натхнялася і пісала вершы. Вось іх і даслала ў рэдакцыю. Творы мае надрукавалі, рэцэнзію далі нядрэнную. І праз некаторы час запрасілі на працу. Тады «Чырвоны прамень» шукаў новыя імёны. Уладкавалася ў творчы калектыў і ніводнага разу не пашкадавала. Мяне добра прынялі, дапамаглі асвоіцца на новым месцы. Вядома ж, не ўсё і не заўжды было гладка. Хапала складанасцей рознага кшталту. Але паважаныя калегі падтрымлівалі. З часам набралася вопыту, стала адказным сакратаром. Гэтая пасада патрабавала яшчэ большай адказнасці. Бо не толькі сам пішаш, але і матэрыялы іншых чытаеш, правіш. На тое і завешся адказным сакратаром. Я прайшла вялікі шлях у газеце. Многаму навучылася, штосьці паспела і маладым калегам перадаць. Калі адправілася на першае сваё рэдакцыйнае заданне (як раз адкрывалася ў райцэнтры новая крама «Казанова»), хвалявалася так, што ледзь узяла сябе ў рукі. Аднак справілася. А потым яшчэ шмат разоў даводзілася перажываць за тую ці іншую публікацыю. У рэдакцыі па-іншаму не працуецца. Калегі ведаюць, пра што я. Але ж гэта спецыфіка. А гады, праведзеныя ў раёнцы, я б ні на што не прамяняла. Гэта мой духоўны скарб на ўсё жыццё.

Тамара Іванаўна САПЁЛКА, галоўны бухгалтар рэдакцыі на працягу 30 гадоў: — Хоць я і не пісала рэпартажы, не рабіла інтэрв’ю, а магу сябе таксама чалавекам творчым лічыць. Бо сярод майстроў слова знаходзілася тры дзясяткі гадоў. Яшчэ за савецкім часам уладкавалася ў рэдакцыю. У красавіку 1988-га пераступіла парог дадзенай установы. Тады тут шукалі бухгалтара, было некалькі кандыдатаў. Галоўны рэдактар Віталь Кальцоў абраў маю. Так я і трапіла маладой дзяўчынай у «Чырвоны прамень». Калектыў у той час быў у асноўным мужчынскі. І гэта накладвала свой адбітак. Мяне, праўда, ніхто не крыўдзіў. Паступова знаёмілася з людзьмі, прыжывалася на новым месцы. Працаваць за доўгія гады давялось з некалькімі кіраўнікамі. З кожным знаходзіла агульную мову. Ганаруся тым, што газета ўвесь час выходзіла на самаакупаемасць, удавалася падтрымліваць тыраж на высокім узроўні, паляпшалася матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы. Пакуль мае шаноўныя калегі працавалі са словам, я шчыравала над лічбамі. За доўгі час пабачыла ў рэдакцыі прадстаўнікоў розных пакаленняў. І сталых работнікаў, і моладзь. Радуе мяне тая акалічнасць, што і зараз у рэдакцыі ёсць людзі, з якімі давялося мне правесці шмат гадоў жыцця. Некаторыя дамагліся кар’ерных вышыняў. Хай усё будзе добра і надалей. Віншую шаноўных калег з юбілеем газеты.
Апытваў ветэранаў рэдакцыі Юрась АЛЕКСАНДРОВІЧ