Ужо колькі дзён як распачалі вясеннюю сяўбу ў ААТ «Вядрэнскае-Агра»
Традыцыйна акцыянернае таварыства адным з першых дало старт найважнейшай кампаніі. Гаспадарка вырашыла шматлікія арганізацыйныя пытанні – належным чынам падрыхтавала тэхніку, назапасіла якаснага насення, мінеральных угнаенняў, вывезла ў вялікай колькасці арганіку на палі. Чакалі толькі, калі надвор’е дасць дазвол. Цёплыя і сухія дзянькі насталі. Таму і справа закіпела.
— Пачатак пакладзены — і гэта галоўнае, — заўважае намеснік дырэктара акцыянернага таварыства Сяргей Казадоеў. — Ужо неўзабаве будзем рапартаваць пра заканчэнне сяўбы аўса. Выбіраем невялічкія палі, дзе зямля падсохла. Нават па вонкавым выглядзе бачна, дзе можна працаваць. Калі глеба належным чынам падрыхтавана, то яна мяняе колер, больш святлейшая становіцца. План на вясну ў нас — 322 гектары. Гэта калі казаць менавіта пра збожжавыя культуры. І бабовыя таксама сюды ўключаны.
У максімальна кароткія тэрміны збіраюцца правесці сяўбу ў ААТ «Вядрэнскае-Агра». На збожжавыя, калі не сапсуецца надвор’е, адведзена прыкладна дзесяць дзён. Акрамя аўса, збіраюцца сеяць пшаніцу і ячмень. Яшчэ 500 га зойме кукуруза. Пра яе асобная гаворка. У гаспадарцы чакаюць нават новы пасяўны агрэгат з усталяванай нормай высеву. Каб работы можна было весці строга па тэхналогіі.
Калі едзеш у гаспадарку з боку Чашнік, то заўважаеш, што на палях задзейнічана фактычна ўся тэхніка, якая маецца. Некалькі адзінак займаюцца падрыхтоўкай глебы. Адначасова ўносяцца мінеральныя ўгнаенні. Азімыя пасевы (збожжавыя і рапс) трэба карміць азотам. Вясеннія палявыя работы – гэта не толькі непасрэдна сяўба. Гэта комплекс мерапрыемстваў. І кожнае з іх мае сваё часовае абмежаванне. Аптымальныя агранамічныя тэрміны — паняцце, якое ніхто не адмяняў.
Клопат пра працаўнікоў не менш важны. Усім неабходным механізатары ААТ «Вядрэнскае-Агра» забяспечаны. Людзі, якія ад раніцы да вечара шчыруюць у полі, накормлены. З умовамі налічэння зарабатнай платы азнаёмлены. У Віктара Кацара, распачаўшага сяўбу аўса, ніякіх прэтэнзій няма.
— Зараз усё залежыць ад нас, — мяркуе вопытны механізатар. — Нельга тэрмінаў упускаць. Бо потым ураджаю недабярэм. Нам жа яго і збіраць. Вельмі хочацца, каб вока ў другой палове лета радавалася, зірнуўшы на палі. Зараз гарачая пара настала. Але ж мы да яе гатовыя. Такога роду цяжкасці для мяне і іншых хлопцаў прывычныя. Росцім хлеб не першы сезон. Ведаем кошт кожнаму зярнятку.
Сапраўды, вырошчваць нядрэнныя ураджаі ў акцыянерным таварыстве ўмеюць. ААТ «ВядрэнскаеАгра» традыцыйна знаходзіцца сярод лідараў у раёне па ураджайнасці збожжавых. Пажадаем працаўнікам сельгаспрадпрыемства і ў бягучым годзе атрымаць добры намалот. Каб дала агульная справа хлебаробаў плён. Каб шчодрай была ніва. Зараз, увесну, для гэтага робіцца шмат. Юрась АЛЕКСАНДРОВІЧ. Фота аўтара
