Вясеннія палявыя работы ў ААТ «Палац працы-Агра» распачаліся
Вясеннія палявыя работы ў ААТ «Палац працы-Агра» распачаліся. Надвор’е ўсталявалася добрае, спрыяе працэсу. Снег сыходзіць на вачах, падсыхае, таму спаць у шапку нельга. Трэба брацца ўшчыльную за працу.
Першым чынам у гаспадарцы падсяваюць шматгадовыя травы. Фронт работ даволі вялікі. Адпаведныя мерапрыемствы неабходна выканаць на плошчы 400 гектараў. Гэта калі казаць менавіта пра падсеў. Яшчэ 200 га траў пад будучую корманарыхтоўку з’явяцца ў акцыянерным таварыстве дадаткова.
– Наогул, падрыхтаваліся больш-менш да пасяўной кампаніі, – распавяла дырэктар ААТ «Палац працы-Агра» Таццяна Кашаварава. – Тэхніку адрамантавалі. Пэўныя пытанні яшчэ маем, але ў цэлым у поле выйсці гатовы. Вельмі дарэчы два новыя трактары, якія атрымалі. Існуючы парк умацавалі. Лепшых механізатараў пасадзім за руль. Увесну шмат прыйдзецца папрацаваць.
Травамі звычайна ўсё пачынаецца. А потым настае чарга збожжавага кліну. На гэты год плануецца заняць яравой пшаніцай, ячменем і аўсом прыкладна 450 гектараў плошчаў. Плюс бабовыя культуры. Вядома ж, не абысціся без кукурузы. Пад самую папулярную кармавую культуру адведзена яшчэ 450 гектараў. Дадаём да сумарных 900 га ўзгаданыя вышэй шматгадовыя травы і атрымоўваем больш тысячы гектараў агульных пасяўных плошчаў. Такія аб’ёмы на вясну. Трэба ўлічваць, што ў гаспадарцы, акрамя асноўных надзелаў, маюцца і так званыя далёкія землі. У асноўным гэта чарэйскі бок. Прыйдзецца і тэхніку пераганяць, і дадатковыя рэсурсы выдаткоўваць, каб паспець у аптымальныя агранамічныя тэрміны закрыць усе пытанні.
– Не забываем і пра азімыя культуры, – засяродзіў увагу аграном Андрэй Папко. – Паралельна з сяўбой яравых будзем ажыццяўляць першую падкормку. Працу гэтую распачнем, як толькі канчаткова сыдзе снег на палях. Перазімавалі пасевы няблага. Ва ўсялякім разе першыя агляды не паказалі якіх-небудзь глабальных праблем. Зіма была марознай, але ж і снегу хапала. Таму вялікіх страт не павінна быць. Мінеральных угнаенняў назапасілі. Будзем рабіць усё магчымае, каб своечасова ўнесці неабходны комплекс. Раслінам патрэбна такой парой якасная падтрымка.
Працаўнікоў ААТ «Палац працы-Агра» мы сустрэлі непадалёк ад вёскі Бор. І ўласнымі вачыма ўбачылі, што падсеў шматгадовых траў у гаспадарцы ідзе поўным ходам. Дзе магчыма заехаць, там работы вядуцца. Выкарыстоўваецца спецыяльная тэхніка. У бліжэйшы час тэмп будзе нарастаць. Вясна у гэтым годзе не спазнілася, таму і сельскім працаўнікам трэба паспяваць.
Юрась АЛЕКСАНДРОВІЧ.
