28.04.2026
Важное

На бягучым тыдні старт пасяўной кампаніі быў дадзены ў КУСГП «Кашчынскае»

  • 28 марта, 2026
  • 1 min read
На бягучым тыдні старт пасяўной кампаніі быў дадзены ў КУСГП «Кашчынскае»

У гаспадарцы вырашылі распачаць сяўбу з аўса. Гэта, вядома ж, не выпадкова. Дадзеная культура адносіцца да ліку ранніх, насенне трэба апускаць у глебу, пакуль дастаткова вільгаці. Ды і землі авёс любіць лёгкія, пясчаныя. А такіх у «Кашчынскім» хапае.

– Пад авёс адведзена 80 гектараў плошчаў, – паведаміла выконваючы абавязкі дырэктара сельгаспрадпрыемства Наталля Якушава. – Загадзя выбралі поле, дзе распачнём сяўбу, выканалі падрыхтоўчыя мерапрыемствы. Надвор’е спрыяе. Таму нельга марудзіць справу. Зараз кожны дзень на вагу золата.

Сапраўды, часу на разварушванне няма. Планы на вясну досыць сур’ёзныя. Агульны збожжавы клін большы, чым быў летась. Трэба засеяць яравымі культурамі 400 гектараў. Плюс травы. Таксама настане чарга кукурузы. А гэта яшчэ прыкладна 600 гектараў плошчаў. Каб укласціся ў больш-менш прымальныя агранамічныя тэрміны, неабходна штодзень даваць адчувальную прыбаўку. І вось тут на першы план выходзіць усім вядомы чалавечы фактар. Менавіта працаўнікі і задаюць тэмп.

Механізатар Вадзім Пыхцін не першы сезон задзейнічаны на пасяўным агрэгаце. Справу сваю ведае дакладна. У гаспадарцы ён лічыцца адным з лепшых. Таму менавіта яму і даверылі першым выйсці ў поле.

З працаўніком мы сустрэліся ва ўрочышчы Баліна. Тут як раз і засяваў аўсом першыя гектары. – Пакуль усё нармальна, – усміхнуўся механізатар у адказ на пытанне, ці ёсць якія складанасці, звязаныя з досыць раннім стартам пасяўной. – Самі бачыце, зямля на гэтым полі неўзабаве пачне перасыхаць. Вятры пачаль дзьмуць, што толькі паскорвае працэс. Таму самы час сеяць. Я ўжо перайшоў на вясновы расклад. Па ім і буду жыць бліжэйшыя колькі тыдняў. Фронт работ вялікі. Але ж не варта пужацца працы. Як кажуць у народзе, вочы баяцца, а рукі робяць.

Не сакрэт, што такой парой механізатары маюць магчымасць нядрэнна заробіць. Гэта для іх галоўны стымул. У кожнай гаспадарцы павінны клапаціцца пра тое, каб для працаўнікоў былі створаны належныя ўмовы. Каб нішто не замінала ім плённа працаваць і выходзіць на высокія вытворчыя паказчыкі. Зараз менавіта гэтыя простыя і сціплыя на словы мужыкі і вызначаюць, якім будзе дзень заўтрашні раслінаводчай галіны раёна.

Юрась АЛЕКСАНДРОВІЧ. Фота аўтара

Поделиться в: