Сустрэча старых сяброў

Пра тое, што стары сябар лепш  двух новых, вядома ўсім. Таму тыя, хто сабраўся ў чытальнай зале Чашніцкай раённай бібліятэкі, з нецярплівасцю чакалі Леаніда Дранько-Майсюка і Эдуарда Акуліна. Беларускія паэты нанеслі чарговы візіт на Чашніччыну. Мінулая сустрэча адбылася ў маі 2012-га і вельмі запомнілася прысутным. Не падвялі мінчане і на гэты раз.
…Як толькі расчыніліся дзверы і  паказаліся знаёмыя постаці, па аўдыторыі пракаціўся ўзбуджаны гоман. На гэтае прывітанне жаданыя госці тут жа адгукнуліся. Ледзьве паспеўшы скінуць паліто, Дранько-Майсюк  дэкламаваў:
Паэты — не шабашнікі,
Ваду не каламуцяць,
Паэты любяць Чашнікі,
І Чашнікі іх любяць.
А далей — шчырая, змястоўная гаворка аб тым, што сёння  ёсць Беларусь і хто ёсць беларусы, як адчувае сябе матчына мова, а таксама пра тых, кім  ганарыцца Радзіма.
Леаніду, напрыклад, пашчасціла ведаць Уладзіміра Караткевіча. Паэт успамінаў: «Часцей за ўсё бывае, што цікавыя пісьменнікі ў літаратуры ў жыцці  не такія. Караткевіч быў пісьменнікам у жыцці і ў літаратуры. Мог прачытаць цэлую лекцыю па праблемах, вельмі далёкіх ад літаратуры, гісторыі. З ім было проста і цікава. Сябе абсалютна не шкадаваў.  Жаль, пайшоў з жыцця ў 54.»
Эдуард Акулін прыгадаў сваю размову з Ігарам Лучанком. «Колькі песень ты напісаў?» — спытаў неяк Ігар Міхайлавіч паэта. Той, нядоўга думаючы, адказаў: «Пяцьдзясят!» «О, малайчына, — адрэгаваў Лучанок, — а я толькі чатыры. Во што застанецца ад  Лучанка ў вечнасці: «Спадчына», «Мой родны кут»,  «Вераніка» і «Полька беларуская»… «Тады, — вымушаны быў хуценька паправіцца Акулін, — я — толькі адну — «О, Беларусь, мая шыпшына».
Мы жывем і ўпэўнены ў будучыні, пакуль жывуць наш народ, наша мова. Каб заўсёды былі беларусы, Леанід узяўся за вельмі няпростую справу. Ён з’яўляецца галоўным  рэдактарам  беларускамоўнага часопіса «Верасень», дзе шмат друкуюцца пачынаючыя пісьменнікі і  паэты. Сапраўдны  грамадзянін сваёй дзяржавы, ён не сумняваецца: дзеці павінны ведаць і  любіць родную мову змалку. Што для гэтага трэба? Свае меркаванні выказаў амаль кожны з тых, хто прыйшоў на сустрэчу.
Цудоўную атмасферу ў зале стварылі вершы і песні, што прывезлі з сабой сталічныя госці. Развітвацца не спяшаліся. Верыцца, што новыя сустрэчы не за гарамі. У гэты дзень літаратары пабывалі таксама ў Чашніцкай гімназіі.
Ірына ТОРБІНА.

На сустрэчы ў раённай бібліятэцыПра тое, што стары сябар лепш  двух новых, вядома ўсім. Таму тыя, хто сабраўся ў чытальнай зале Чашніцкай раённай бібліятэкі, з нецярплівасцю чакалі Леаніда Дранько-Майсюка і Эдуарда Акуліна. Беларускія паэты нанеслі чарговы візіт на Чашніччыну. Мінулая сустрэча адбылася ў маі 2012-га і вельмі запомнілася прысутным. Не падвялі мінчане і на гэты раз.

…Як толькі расчыніліся дзверы і  паказаліся знаёмыя постаці, па аўдыторыі пракаціўся ўзбуджаны гоман. На гэтае прывітанне жаданыя госці тут жа адгукнуліся. Ледзьве паспеўшы скінуць паліто, Дранько-Майсюк  дэкламаваў:

Паэты — не шабашнікі,

Ваду не каламуцяць,

Паэты любяць Чашнікі,

І Чашнікі іх любяць.

А далей — шчырая, змястоўная гаворка аб тым, што сёння  ёсць Беларусь і хто ёсць беларусы, як адчувае сябе матчына мова, а таксама пра тых, кім  ганарыцца Радзіма.

Леаніду, напрыклад, пашчасціла ведаць Уладзіміра Караткевіча. Паэт успамінаў: «Часцей за ўсё бывае, што цікавыя пісьменнікі ў літаратуры ў жыцці  не такія. Караткевіч быў пісьменнікам у жыцці і ў літаратуры. Мог прачытаць цэлую лекцыю па праблемах, вельмі далёкіх ад літаратуры, гісторыі. З ім было проста і цікава. Сябе абсалютна не шкадаваў.  Жаль, пайшоў з жыцця ў 54.»

Эдуард Акулін прыгадаў сваю размову з Ігарам Лучанком. «Колькі песень ты напісаў?» — спытаў неяк Ігар Міхайлавіч паэта. Той, нядоўга думаючы, адказаў: «Пяцьдзясят!» «О, малайчына, — адрэгаваў Лучанок, — а я толькі чатыры. Во што застанецца ад  Лучанка ў вечнасці: «Спадчына», «Мой родны кут»,  «Вераніка» і «Полька беларуская»… «Тады, — вымушаны быў хуценька паправіцца Акулін, — я — толькі адну — «О, Беларусь, мая шыпшына».

Мы жывем і ўпэўнены ў будучыні, пакуль жывуць наш народ, наша мова. Каб заўсёды былі беларусы, Леанід узяўся за вельмі няпростую справу. Ён з’яўляецца галоўным  рэдактарам  беларускамоўнага часопіса «Верасень», дзе шмат друкуюцца пачынаючыя пісьменнікі і  паэты. Сапраўдны  грамадзянін сваёй дзяржавы, ён не сумняваецца: дзеці павінны ведаць і  любіць родную мову змалку. Што для гэтага трэба? Свае меркаванні выказаў амаль кожны з тых, хто прыйшоў на сустрэчу.

Цудоўную атмасферу ў зале стварылі вершы і песні, што прывезлі з сабой сталічныя госці. Развітвацца не спяшаліся. Верыцца, што новыя сустрэчы не за гарамі. У гэты дзень літаратары пабывалі таксама ў Чашніцкай гімназіі.

Ірына ТОРБІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *