Алесь Шашкоў

3 студзеня 1923 года ў вёсцы Раманаўшчына Чашніцкага раёна з’явіўся на свет славуты празаік Алесь Шашкоў. Нарадзіўся ён у простай сялянскай сям’і. Спачатку Алесь вучыўся ў Замацкай васьмігадовай, потым — у Чашніцкай сярэдняй школе. Пасля яе заканчэння ў 1941 годзе быў прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнічаў у баях на заходнім, 1-м Прыбалтыйскім і 2-м Беларускім франтах. Двойчы быў паранены.

У 1946-м накіраваны на вучобу ў Рыжскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча, але не скончыў яго, бо быў камісаваны. Дэмабілізаваўся ў 1947-м. Працаваў адказным сакратаром Чашніцкай раённай газеты «Сцяг сацыялізму».
У 1950-м завяршыў вучобу ў Рэспубліканскай партыйнай школе пры ЦК КПБ. Працаваў у рэдыкцыях газет «Сталінскі воін», «Звязда», рэдактарам аддзела часопіса «Калгаснік Беларусі».
Закончыў вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве і завочна — Маскоўскі Літаратурны інстытут М. Горкага.
Працаваў адказным сакратаром рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», старшым рэдактарам на беларускім радыё, галоўным — у Міністэрстве культуры БССР, загадчыкам рэдакцыі выдавецтва «Народная асвета».
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі.
Творчую працу Алесь Шашкоў пачаў у раённай газеце ў 1947 годзе як журналіст. Першыя публікацыі ў рэспубліканскім друку — нарыс «Апошнія пракосы», змешчаны ў газеце «Звязда» ў 1948-м.
Асобнымі выданнямі выйшлі кнігі «Змена», «Белы камень», «На рачных плёсах», «Лань — рака лясная», «На вадзе і такое здараецца», «Абуджэнне», «Ранняй вясной», раманы «Навальніца спее ў цішыні», «Спытай сваё сэрца».
Тэматыка твораў і кніг Алеся Шашкова разнастайная. У іх — адлюстраванне перажытага на вайне, пасля яе, жыццё вёскі. Галоўныя героі знаходзяцца ў пошуку маральнага ідэалу, свайго месца ў жыцці. Аўтар імкнецца сказаць пра сапраўднае прызначэнне чалавека — берагчы, шанаваць тое, што засталося ў спадчыну.
У апошнія гады Алесь Шашкоў жыў у Мінску, але не забываў пра сваю малую радзіму.
Памёр у 2015 годзе.

Наталля СТУКАЛАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *