«Малая радзіма – вялікая гісторыя»

Так называецца выстава Новазаранскага сельсавета, прысвечаная гісторыі і людзям гэтага цудоўнага кутка Чашніччыны. Прэзентавалі яе ў Новалукомльскім палацы культуры напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь з удзелам старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў У. У. Цярэнцьева.

Падчас выставы Новазаранскага сельсавета.

Гасцей, як і мае быць, сустракалі хлебам-соллю, беларускімі песнямі прадстаўнікі працоўных калектываў сельсавета ў нацыянальным беларускім адзенні. Што, безумоўна, надавала каларыту мерапрыемству, стварала адпаведны настрой.
Старшыня Новазаранскага сельвыканкама В. У. Прыяўка пазнаёміў прысутных з геаграфічным становішчам і гісторыяй савета, той інфраструктурай, якая ёсць сёння.
Узгадалі Змееў камень, акутаны легендай, адну з самых значных культурных каштоўнасцей краю.
Але ж найвялікшае багацце яго – людзі. А таму першая экспазіцыя якраз і прысвечана чалавеку працы. З. Ф. Зайцава, І. В. Янушкевіч, А. М. Дзенісевіч, Д. М. Пасмурцаў, К. М. Марчанка – яны ў свой час атрымалі высокія дзяржаўныя ўзнагароды за сумленную выніковую працу. Глыбокай павагі заслугоўвае маці-гераіня Г. Ф. Ганчарова, з мужам вырасціўшая 12 дзяцей…


Навечна ўпісаны ў гісторыю Чашніччыны імёны тых, хто са зброяй ў руках абараняў родную зямлю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сярод іх – Герой Савецкага Саюза С. Ф. Пшонны, партрэт якога на Алеі Герояў Савецкага Саюза ў райцэнтры, маці і сын Герасімавы, выратаваўшыя, рызыкуючы жыццём, сцягі піянерскай і камсамольскай арганізацый, апошні сёння захоўваецца ў Кашчынскай школе.
Гонар зямлі нашай – Ганна Савельеўна Асіпкова, адметны, адзіны на ўсю Еўропу жанчына-рэзчык па дрэве. Яе работы ведаюць у Расіі, Францыі, Канадзе… Прыгажосць уратуе свет – гэтым кіруецца па жыцці выдатны майстар. На выставе шырока прадстаўлены работы Ганны Савельеўны, у кожнай з іх – душа майстрыцы. З цягам часу стала пісаць і карціны, характар іх жыццясцвярджальны. Дар Г. С. Асіпковай – у звычайным бачыць незвычайнае, у тым жа карэньчыку ці галінцы.

Плён працы Г. С. Асіпковай.

Старшыня райвыканкама Л. У. Пляшко адзначыў неабходнасць усімі сродкамі папулярызаваць творчасць Ганны Савельеўны, як найчасцей выстаўляць яе работы паўсюль.
У Новалукомльскім палацы культуры прадстаўлены творчыя работы і іншых жыхароў сельсавета.
На яго тэрыторыі дзейнічаюць тры аграэкасядзібы. Край прыазёрны, частка тэрыторыі сельсавета па беразе Лукомльскага возера. Удзельнікам прэзентацыі расказалі, як ініцыятыва зацікаўленых людзей здольна мяняць жыццё да лепшага.

У. У. Цярэнцьеў выказаў словы падзякі за арганізацыю цікавай і змястоўнай выставы, якая дае магчымасць пазнаёміцца з выдатнымі людзьмі, адметнымі старонкамі ў развіцці маляўнічага кутка Чашніччыны. А яшчэ дапамагае глыбей пазнаць свае карані, захаваць спадчыну, адзначыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў. Варта такую практыку прадаўжаць. 

Міхаіл ДЗЕРАВЯГА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *