Запасайся, не бяды, і стары, і малады

Изображение 5574У мінулыя суботу і нядзелю шумна было ў Новалукомлі і райцэнтры. 18 і 19 кастрычніка прайшлі традыцыйныя для такой пары асеннія кірмашы. Сваю прадукцыю прапаноўвалі ў гэтыя дні ўсе, каму належыць. Загадзя паклапаціліся сельгаспрадпрыемствы, фермерскія гаспадаркі, дачнікі і, зразумела, шматлікія гандлёвыя арганізацыі. Вялікі быў выбар садавіны і агародніны, прамысловых і харчовых тавараў. Усё сканцэнтравана ў адным месцы. Вось чым прывабныя кірмашы. Кожны можа купіць тое, што яму патрэбна. І большасць тавараў, так бы мовіць, пакупнікам па кішэні.
У горадзе энергетыкаў расшыраны суботні кірмаш выклікаў вялікую цікавасць. Традыцыйны базарны дзень ператварыўся ў святочны. Гучала музыка, выступалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці, разыгрывалася латарэя. Гараджане асабліва цікавіліся садавінай і агароднінай, мясной прадукцыяй. Хтосьці нёс саджанцы, хтосьці набыў сельгасінвентар для наступнага сезона. У Новалукомлі, як вядома, шмат дачнікаў.
— Я кожны год чакаю з нецярплівасцю кірмашоў, — падзялілася новалукамчанка Ірына. — Нават грошы адкладваю. Усё ёсць, што патрэбна. Галоўнае — сваё.
Такое меркаванне падзяляюць многія. Кірмашы праходзяць не першыя выхадныя. Ёсць попыт на прадукцыю — прыязджай і рэалізуй. Было б жаданне.
У Чашніках у нядзелю таксама панавала святочная атмасфера. У восем раніцы кірмаш распачаў работу. Бульба, морква, капуста — не абыдзецца ніводны стол без агародніны. Зерне, мяса, мёд, рыба таксама даспадобы. Набывалі неабходны тавар чашнічане і весяліліся. Асабліва шматлюдна было падчас розыгрышу латарэі. Уладальнікі білетаў з нецярплівасцю чакалі моманту, калі стануць вядомыя імёны пераможцаў. Прызоў было падрыхтавана болей сотні. Фінансавыя сродкі на набыццё апошніх выдзелілі спонсары. Галоўны прыз — бычок – дастаўся госцю з Бранска. Ён атрымаў сертыфікат на набыццё жывёлы ў адной з гаспадарак раёна.
Культработнікі зрабілі ўсё магчымае, каб расшыраны кірмаш запомніўся жыхарам і гасцям горада. Спявалі, танцавалі, весялілі публіку. Дзіцячы драматычны калектыў «Фантазёр», народны тэатр мініяцюр, харэаграфічны калектыў «Фьюжен» ГДК, фальклорны калектыў «Прасніца» з Іванска прапанавалі шмат цікавага.
Прыходзілі людзі на кірмаш, станавіліся адначасова ўдзельнікамі свята. Калі яшчэ пабачыш такое?.. Толькі ў кірмашовыя кастрычніцкія дні.

Юрый АЛЕКСАНДРОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *