Мілы сэрцу вугалок

Менавіта такім з’яўляецца Новая Зара  для тых,  хто тут нарадзіўся, працуе, жыве. Упэўнена, што ўсе яны любяць сваю маленькую  радзіму.  Гэтаму  сведчыць і свята, якое тут  прайшло  23 жніўня і ўдалося на славу не толькі  дзякуючы  таленту  і майстэрству работнікаў  Кашчынскага КСЦ,  але  і  ўсім жыхарам, якія падтрымалі  ініцыятыву і сталі актыўнымі ўдзельнікамі  мерапрыемства,  зрабілі  прывабным  і добраўпарадкаваным кожны вугалок аграгарадка.

… У прызначаную  гадзіну  ад  культурна-спартыўнага цэнтра  з  песнямі,  прыпеўкамі рушылі  артысты на чале са старшынёй Новазаранскага сельвыканкама   В. У. Прыяўка. Уперадзе — група мясцовых хлапчукоў на веласіпедах.  Прыбранай рознакаляровымі  шарамі,  мноствам  кветак, цудам-дрэвам,  на якім, акрамя яблыкаў, «выраслі» агуркі, перцы, капуста,  сустрэла  гасцей вуліца  Сонечная. У знак вялікай удзячнасці і павагі гасцей сустракаюць хлебам-соллю, прапануюць розныя пачастункі. На багатым стале  — стравы, прыгатаваныя руплівымі гаспадынямі з агародніны і садавіны, вырашчанай працалюбівымі рукамі на  прыватных прысядзібных участках.  Па добраму звычаю для жаданых гасцей  —  шчырая песня, ветлівыя словы. Шмат  цікавага расказалі  пра   яе гаспадары. Паведалі пра шматдзетныя сем’і Асінскіх і Папковых, пра  тое, што   26 дзяцей жывуць тут. Былі  і падарункі самаму  маленькаму  Глебу Папкову і сталым жыхарам Браніславу і Валянціне Пятрышча.

Наступная  — вуліца  Маладзёжная. Удзельнікаў свята спыняюць  жанчыны, пераапранутыя  ў  форму  супрацоўніка  ДАІ  і  медсястры. Прапанаваныя імі  жартоўныя  заданні  яшчэ  больш  паднімаюць  настрой. Атрымаўшы  дазвол рухацца далей, удзельнікі мерапрыемства трапляюць на  дворык  з  выставамі   лялек «Мелодыя дзяцінства»,  агародніны «Паласаты рэйс»,  цудоўнай  вышыўкі  і фота- здымкаў Святланы Пахомавай.  І   тут  гучаць цёплыя віншаванні, жарты, запрашэнне частавацца  разнасолам. Між іншым  жыхары Маладзёжнай паведамляюць, што іх 72. Самаму старэйшаму, Марыі Каваленка, — 84 гады, малодшаму, Аляксею Ражко, — 5 месяцаў.

Вуліцы Міра таксама есць чым уразіць.  Гэта падобныя да казачных дом С. М. Бялькова, квітнеючая паляна перад сядзібай сям`і Дзенісевічаў, кветнік С. І. Чырвінскай, смачныя стравы маладой гаспадыні Т. М. Гаспадарык…  Не абышлося без вясёлых  песняў, вершаў    пра  родны  край,  пачастункаў.

Старэйшыя людзі населенага пункту, Ф. П.  Гандзель і В. А. Кавленка, жывуць на Савецкай. Пра  гэта, а таксама  пра гісторыю  сваёй  вуліцы расказалі  яе  жыхары.  З  дапамогай  выстаў  пазнаёмілі,    як  умеюць працаваць і з карысцю бавіць вольны час.

Хлебам-соллю  вітала  гасцей   Набярэжная. Жыхары  яшчэ называюць сваю вуліцу рамантычнай — цудоўная тут прырода.

І вось  шматлікія  ўдзельнікі свята пад музыку набліжаюцца да галоўнай пляцоўкі — адной  са старэйшых  вуліц аграгарадка — Цэнтральнай.  Сустракае віншаваннямі іх жыхарка Р. З. Гандзель. У  цікавай форме вядзецца расказ пра вуліцу.  Потым слова бярэ старшыня Новазаранскага сельвыканкама  В. У. Прыяўка. Віктар Уладзіміравіч  падводзіць вынікі.   Сонечная прызнана  самай дружнай, Маладзёжная — самай вясёлай, Міра —  самай  гасціннай,  Савецкая —  самай  дагледжанай, Набярэжная — самай знаходлівай, Цэнтральная — самай святочнай.

Свае віншаванні жыхарам аграгарадка  адрасавалі калектыў «Ульчанка»  і салісты Чашніцкага ГДК.

Тамара ЯЗЁНАК.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *