Янку Журбе — 135

SAM_4529
«Зямля Чашніччыны яго ўзгадавала» — пад такой назвай нядаўна ў Чашніцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшоў вечар-апавяданне, прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Журбы (Івана Якаўлевіча Івашына) і Году культуры. На мерапрыемства былі запрошаны вучні 9 Б класа СШ №1 райцэнтра.
Бібліятэкары нагадалі школьнікам старонкі біяграфіі славутагах земляка, расказалі пра нялёгкі жыццёвы і творчы шлях, аб шматграннасці яго таленту, багатай спадчыне, якую пакінуў, бязмернай любві да роднага краю.
Янка Журба — аўтар этнаграфічных нарысаў пра Віцебшчыну, якія заслужана атрымалі высокую адзнаку. Ён зрабіў пераклад на беларускую мову рамана Фёдара Дастаеўскага «Бедныя людзі». Апрача таго, Журба — аўтар зборнікаў паэзіі «Заранкі», «Ясныя шляхі», «Роднае», «Мая песня», «Вершы» і кніжак вершаў для дзяцей «Ластаўкі», «Сонечная раніца», «Светлыя дні». Наколькі мілагучныя назвы зборнікаў, настолькі і сама паэзія Журбы цёплая, сонечная, жывая і светлая, дарагая нашаму сэрцу.
На мерапрыемстве гучала шмат вершаў паэта, напоўненых цеплынёй і пяшчотай, шчымлівым жаданнем бачыць народ беларускі вольным і шчаслівым, аб прыгажосці роднага краю, адданасці бацькоўскай зямлі.
Бібліятэкары расказалі слухачам таксама і некаторыя цікавыя факты з біяграфіі Янкі Журбы. Напрыклад, пазнаёмілі з версіяй паяўлення Івашыных у Чашніках. Паводле ўспамінаў унучатай пляменніцы Валерыі Івашынай, маці паэта, Соф’я Маркаўна, была выкрадзена з цыганскага табара, вядома ж, па яе згодзе беларусам Якавам. За гэты ўчынак цыгане хацелі спаліць сядзібу закаханага хлопца, які ў той час жыў на поўдні Беларусі. Давялося ўцякаць. Так сям’я прыехала на Чашніччыну і пасялілася ў вёсцы Купніна (сёння такога населенага пункта не існуе, гэта месца мікрараёна льнозавода ўваходзіць у межы раённага цэнтра). Тут 30 красавіка 1881 года і нарадзіўся Янка Журба.
Паведалі таксама, што ў канцы лета 1912 года ў Журбы гасціў Янка Купала. Прывёз яму кнігі і прыгожы гальштук. Гэтыя падарункі Я. Журба бярог усё жыццё.
Вучняў пазнаёмілі са зместам дакументаў, якія захаваліся ў Нацыянальным гістарычным архіве Рэспублікі Беларусь і сведчаць пра тое, што Іван Івашын двойчы, у 1914, 1915 гадах, падаваў прашэнні інспектару Карэліцкага вышэйшага пачатковага вучылішча з просьбай «узбудзіць хадайніцтва аб зацвярджэнні яго на пасаду настаўніка».
Янка Журба, як вядома з біяграфіі, працаваў выкладчыкам у гарадскіх і пачатковых вучылішчах Украіны, Расіі, Беларусі, у навукова-педагагічнай камісіі Наркамасветы БССР, інспектарам Бабруйскага, Калінінскага акруговых аддзелаў народнай асветы, у Чэрыкаўскай сямігодцы, у інстытуце мовазнаўства АН БССР. З 1941-га жыў у Чашніцкім раёне, працавў настаўнікам. Апошнія гады жыцця правёў пад Полацкам.
Творчасць Я. Журбы кранала душу многіх людзей. Кампазітары Мікалай Чуркін, Сяргей Палонскі, Пятро Падкавыраў, Алесь Туранкоў і іншыя пісалі музыку на яго вершы.
У Чашніках памяць аб знакамітым земляку ўвекавечана не толькі яго цудоўнымі творамі. Яго імем названа вуліца, дзіцячая бібліятэка, каля якой устаноўлены памятны знак паэту.
Вучням былі прапанаваны слайд-прэзентацыя, зборнікі вершаў паэта, літаратура, іншыя матэрыялы пра яго жыццёвы і творчы шлях.
Станоўчыя водгукі дзевяцікласнікаў, гонар за тое, што жывуць на зямлі, якая ўзгадавала паэта, жаданне пачытаць прапанаваныя кнігі сведчылі аб тым, што іх натхніла, зацікавіла творчасць паэта.

Тамара ЯЗЁНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *