Літаратурнае падарожжа ў Чарэю

У Чарэйскім сельскім доме культуры нядаўна прымалі гасцей. Сюды ў канцы мая завіталі ўдзельнікі праекта «Літаратурнае падарожжа», арганізаванага Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры. Першае такое падарожжа адбылося ў 2012 годзе. За некалькі год вандраванння па мясцінах, звязаных з жыццем і творчасцю выдатных беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, супрацоўнікі ўстановы разам з літаратуразнаўцамі, журналістамі пабывалі ў розных кутках Беларусі. На Чашніччыну яны завіталі з нагоды 140-годдзя знакамітага французскага паэта, які нарадзіўся ў Чарэі, Оскара Уладзіслава дэ Любіч Мілаша. Паездка ладзілася па запрашэнні дырэктара Чашніцкай раённай бібліятэчнай сістэмы Святланы Міцькавец.
На літаратурна-краязнаўчую гадзіну ў Чарэйскі СДК запрасілі дырэктара Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Зміцера Яцкевіча, загадчыка культурна-адукацыйнага аддзела ўстановы Лідзію Шагойка, журналіста Аляксандра Матафанава, паэта, філосафа Ігара Бабкова, доктара багаслоўя Ірыну Дубянецкую, пісьменніцу Алену Масла, паэта Міхаіла Бараноўскага.
Гасцей удзельнікі вакальнай групы Чарэйскага СДК сустраклі песняй і духмяным караваем. Далей са словамі прывітання да творчых асоб звярнулася Святлана Міцькавец. Яна правяла электронную прэзентацыю «Оскар Мілаш. Знакаміты французскі паэт, народжаны ў Чарэі». Бібліятэкар пазнаёміла прысутных з біяграфіяй нашага славутага земляка, цікавымі фактамі яго жыцця і творчасці, даволі ўдала дэкламавала яго вершы.
Затым слова ўзялі госці. У сваім выступленні Зміцер Яцкевіч падкрэсліў, што Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры з’яўляецца адным з буйнейшых музеяў нашай краіны, які займаецца дакументаваннем літаратурнага працэсу на Беларусі ў шырокім гістарычным кантэксце. Кіраўнік навуковай установы распавядаў аб праектах, якія сёння рэалізуюцца ў музеі.
— «Літаратурнае падарожжа» існуе ўжо пяць год. Мы даўно марылі прыехаць на радзіму Оскара Мілаша, таму што ў фондах музея захоўваюцца матэрыялы, прысвечаныя жыццю і творчасці гэтага выдатнага паэта. Наша мэта – не толькі вандраваць, але і знаёміць жыхароў глыбінкі з новымі творамі, з пісьменнікамі, якія працуюць сёння. Спадзяёмся, гэта паспрыяе прыцягненню ўвагі да сучаснай беларускай літаратуры, абудзіць у моладзі жаданне ўзяць у рукі кнігу і пачытаць, — адзначыла падчас сваёй прамовы Лідзія Шагойка.
Беларускі паэт і празаік Ігар Бабкоў шмат гадоў цікавіцца творчасцю Оскара Мілаша і яго пляменніка Чэслава. Адна з апошніх работ навукоўца — прадмова да чатырохтомнага выдання кнігі «Мілаш. Біяграфія». Гэта — даследаванне біяграфічных сведкаў лаўрэата Нобелеўскай прэміі Чэслава Мілаша. Такскама Ігар Бабкоў займаецца перакладам твораў знакамітых паэтаў і празаікаў. Шмат вершаў Оскара Мілаша перакладзена ім на беларускую мову. Некаторыя з іх прагучалі на сустрэчы.
— Тры гады таму на чарэйскую зямлю было арганізована навуковае падарожжа, арганізатарамі якого былі я і гісторык мастацтва Сяргей Харэўскі. Калі мы складалі маршруты, то выбіралі ключавую праблему, або персону, вакол якой можна падрабязна разглядаць праблему выбару жыццёвага шляху ў розную гістарычную эпоху, — так пачала сваё выступленне Ірына Дубянецкая.
На думку тэолага, постаць Оскара Мілаша — добры прыклад таго, як змененая ў гістарычных абставінах назва Радзімы наклала адбітак на чалавека. Ён стаў грамадзянінам Літвы, гіторыю і культуру якой добра не ведаў, але прадстаўляў гэтую краіну як пасол у Францыі.
З 2011 года падчас стогадовага юбілею Чэслава Мілаша быў распачаты праект «Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні». Ён знаёміць слухачоў і ўдзельнікаў з асобай Нобелеўскага лаўрэата, а таксама літаратараў, якія нарадзіліся і жылі на зямлі яго продкаў. У 2013 годзе праект стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Будзьма беларусамі!» . Штогод у межах мерапрыемства ладзяцца імпрэзы з удзелам пісьменнікаў, музыкаў, мастакоў у мястэчку Мілашова Міёрскага раёна. Арганізатар чытанняў, пісьменніца Алена Масла, падрабязна расказала аб тым, як праходзяць такія сустрэчы.
Затым некалькі ўласных песень выканаў бард, супрацоўнік музея Міхаіл Бараноўскі. Напрыканцы намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Чашніцкага райвыканкама Надзея Бондар выказала падзяку гасцям за тое, што прынялі запрашэнне і завіталі на Чашніччыну, за цікавае і пазнавальнае мерапрыемства. Яна падарыла сталічным навукоўцам буклеты гарадоў Чашнікі і Новалукомль, а таксама брашуры пра жыццёвы шлях Оскара Мілаша.
Традыцыйнае фота на памяць, затым экскурсія да Свята-Троіцкай царквы — і ўдзельнікі «Літаратурнага падарожжа» прадоўжылі свой шлях…

На здымку: экскурсію па памятных мясцінах Чарэі для гасцей праводзіць Святлана Міцькавец.

Варвара ЮРКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *