Чысты след

Сёння чалавецтва змагаецца з каранавірусам. Сітуацыя не самая прыемная. Аднак апошнія па-дзеі – чым не нагода звярнуць увагу і на экалагічныя праблемы.
Слова «экалогія» ў перакладзе з грэчаскай мовы адзначае «вучэнне пра дом». І ад таго, наколькі ў ім усё добра, залежаць здароўе і дабрабыт кожнага з нас. Высечка лясоў, знішчэнне раслін і жывёл, забруджванне паветра і вады, распаўсюджванне розных эпідэмій па планеце… Страшна ўявіць, колькі бед нарабіў чалавек.

Нас, маладое пакаленне, турбуе праблема пластыку ў нашым жыцці. Тэрмін жыцця пластмасы вылічваецца тысячагоддзямі. Таму ў нашых нашчадкаў ёсць усе шанцы стаць уладальнікамі багатай «пластмасавай спадчыны». Зрэшты, наўрад ці будуць яны нам за гэта ўдзячныя. Але я спадзяюся, што мы здольныя ўсё выправіць, калі будзем дзейнічаць разам. Наша сіла ў адзінстве.
У краіне за год утвараецца больш за 280 тысяч тон адходаў пластыку, з іх каля 63 тысяч тон немагчыма перапрацаваць, а 46 тысяч тон – пера-працаваць складана. Як вам гэтыя лічбы? Пужаюць? Што рабіць? Пачнем з простага. У дварах ёсць кантэйнеры для паперы, пластыку, шкла і агульнага смецця. Давайце зададзім сабе пытанне: як правільна збіраць смецце? Так, напэўна, кожны адкажа, што ў кантэйнеры жоўтага колеру – пластык, зялёнага – паперу, сіняга – шкло.
Але не кожны з нас прытрымліваецца пэўных правіл пры зборы смецця. Напрыклад, утылізуючы пластык, трэба ведаць, што ўпакоўку неабходна ачысціць ад рэшткаў прадуктаў, а вось мыць неабавязкова, з бутэлек з-пад малочных і іншых прадуктаў трэба зняць празрыстую тэрмаплёнку, бо пластык і тэрмаплёнка адначасова не могуць перапрацоўвацца, і з сартавальнай лініі такая бутэлька трапіць на сметнік. Таксама можна выкідаць бутэлькі з-пад напояў, малака, алею, вадкага мыла, геляў для душа, бытавой хіміі, пластыкавыя вечкі, пакеты з-пад малака, вырабы і ўпакоўку з пенапласту, цвёрдыя пластмасавыя вырабы (вёдры, каністры і іншае). Нельга кідаць у жоўты кантэйнер памперсы, магнітафонныя касеты, аднаразовы посуд, упакоўкі з-пад чыпсаў, зубныя шчоткі, фальгу, СD-дыскі, мяккую ўпакоўку з-пад маянэзу, кетчупу, смятаны і ёгуртаў, вельмі забруджаныя фасовачныя пакеты з рэшткамі ежы.

Нашу школу таксама хвалюе пра-блема экалогіі. Вучні, юныя ўдзельнікі праекта «Школа экалагічнай культуры», з энтузіязмам і стараннасцю ўдзельнічаюць у розных акцыях, накіраваных на паляпшэнне экалагічнага становішча ў нашым раёне: «Новае жыццё ў абмен на вечкі», «Юныя экамены», «Чысты бераг», «Чысты школьны двор», «Смеццю – другое жыццё», «Пасадзі кветку (дрэва)», «Зберажом зялёную елку», «Дапаможам птушкам», «Зберажом нашу зямлю блакітнай і зялёнай» – усё гэта станоўчы прыклад таго, што мы ідзём правільнай дарогай.
Які след на зямлі пакінеце пасля сябе вы? Я ўпэўнена, наша агульная мэта і задача – пакінуць зямлю чыстай для будучага пакалення, захаваць разнастайнасць флоры і фаўны. Трэба толькі пачаць з самога сябе.

Юлія Шашкіна, вучаніца сярэдняй 
школы №4 г. Чашнікі.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *