28.04.2026
Важное

Сум дзесяцігоддзяў

  • 15 февраля, 2026
  • 1 min read
Сум дзесяцігоддзяў

Жыхару Новай Зары Анатолю Бараўцу ўжо за шэсцьдзесят. Звычайны вясковец, працавіты, сціплы, не вельмі гаваркі. Цяжка ў ім разгледзець былога «афганца». Але ж гэта толькі на першы погляд. Калі глыбей зазірнуць у вочы, то абавязкова пабачыш там нешта адметнае.

 Багата давялося ў розныя гады аўтару гэтых радкоў сустракацца з воінамі-інтэрнацыяналістамі. І заўсёды пра сябе адзначаў: ёсць нешта такое, што ўсіх іх аб’ядноўвае. Гэта сум у вачах, калі пачынаюць узгадваць пра мінулыя падзеі. Сум дзесяцігоддзяў. Колькі б часу не прайшло, ёсць рэчы, якія не забываюцца. Незагойнаю ранаю баліць тая вайна. І рану гэтую лепш не церабіць.

Анатоль Баравец нарадзіўся ў невялічкай вёсачцы Петракі. Была калісьці такая ў некалькіх кіламетрах ад Новай Зары. Хлопец скончыў 10 класаў школы і ад ваенкамата пайшоў вучыцца на электрамеханіка. У Віцебску праз пэўны час атрымаў смежныя прафесіі машыніста перасоўных электрычных станцый і электрыка. Можна сказаць, папрацаваць не паспеў. Адразу ж прызвалі ў войска. Загадзя ведаў, што служыць будзе за мяжой. Бо размеркавалі ў адпаведную каманду. Пытанне было адно: куды накіруюць маладога хлопца? Варыянтаў хапала. Але ж на дварэ стаяў 1983 год. Вайна ў далёкім Афганістане працягвалася, таму рызыкі трапіць менавіта туды былі высокія. 9 мая, акурат на Дзень Перамогі, ураджэнца вёскі Петракі праважалі ў войска. Служыць Анатоль ішоў з жаданнем, тады па-іншаму не было прынята.

– Трапіў я ў выніку ў Туркестанскую ваенную акругу, – распавядае наш герой. – Накіравалі на падрыхтоўку ў горад Ашхабад. Тут ужо дакладна зразумеў, што неўзабаве апынуся на вайне. Нельга было раскісаць. Таму духам не падаў. Паўгода ў вучэбцы праляцелі як адно імгненне. Вучыўся на механіка-вадзіцеля. Ваеннай прафесіяй авалодаў у поўнай меры. Навучыўся кіраваць баявой машынай пяхоты. Ну а далей перакінулі нас у Афганістан. Дакладней – у горад Джэлалабад. Тут была размешчана 66-я брыгада.

Так і распачалася ваенная біяграфія нашага земляка. У далёкай і не занадта гасціннай краіне давялось прабыць яму не меней за паўтары гады. Пасля Джэлалабада батальён, у якім служыў радавы Баравец, атрымаў загад перадыслакавацца ў правінцыю Кунар. Гэта на мяжы з Пакістанам. Як раз адтуль душманы і атрымлівалі ў значнай ступені зброю, боепрыпасы, правізію. Сумнавядомыя караваны бясконцай вераніцай цягнуліся па горным серпанціне. Савецкія войскі на іх палявалі. Вадзіцель БМП, ураджэнец Чашніччыны, прымаў непасрэдны ўдзел у такога роду аперацыях. Таксама шмат даводзілася суправаджаць калоны. Вядома ж, і пад абстрэлы траплялі. Куды ж без гэтага, калі вайна ідзе?..

– Дзякуй Богу, я ўцалеў, – лаканічна кажа воін-інтэрнацыяналіст. – Калі шчыра, то за выключэннем асобных эпізодаў, служба мая была нармальнай. Дзесьці нават было прасцей, чым на тэрыторыі Саюза. Так, надвор’е спецыфічнае. Тэмпература на сонцы ўлетку больш за 60 градусаў дасягала. Але ж паветра сухое, вільготнасць мінімальная. Таму пераносіць спёку было не так і цяжка. Розныя пытанні бытавога характару вырашаліся. Але ж вайна ёсць вайна. Смерць заўсёды хадзіла побач. Гублялі часам хлопцаў, даводзілася ўсякага пабачыць.

Пра тыя самыя «асобныя эпі зоды» не любіць узгадваць былы салдат. І гэта яго права. З Афганістана Анатоль Баравец вярнуўся радавым. Ніякіх званняў ці якіх яшчэ рэгалій на вайне ён не атрымаў. Толькі ўспаміны. Яны – на ўсё жыццё. Пад час службы малады хлопец загартаваў характар, пасталеў. Калі вярнуўся дадому, то не адразу здолеў адаптавацца да мірнага жыцця. Тут табе і розныя часавыя паясы, і клімат. А яшчэ былога воіна пужала … цішыня. Нават вушы ад яе закладвала. Пэўна, гэта і была адна з праяваў так званага «афганскага сіндрому».

І ўсё ж такі да мірных будняў хлопец прызвычаіўся. І пачаў выбудоўваць сваё, уласнае жыццё. Уладкаваўся на парацу ў саўгас, ажаніўся. Усё атрымалася як і належыць. Зараз не без гонару воін-інтэрнацыяналіст заўважае, што з’яўляецца бацькам чацвярых дзяцей. І дзядулем паспеў стаць.

 За 40 з лішнім гадоў, якія прайшлі з таго часу, як вярнуўся з Афганістана Анатоль Баравец, шмат адбылося падзей. Але ж кожны год, 15 лютага, ён зноўку вяртаецца ў далёкую краіну. Вяртаецца выключна ў думках. Але ж…

– Час ад часу думаю: вось бы пабываць там, дзе калісьці служыў, – шчыра прызнаецца былы «афганец». – Ведаю, што гэта не рэальна. Але ж думкі такія ў галаве круцяцца. І не ведаю нават чаму. Можа, таму, што пакінуў на чужой зямлі частку сябе…

Сум дзесяцігоддзяў нараджае розныя пачуцці ў душах тых, хто прайшоў праз ліхія выпрабаванні. Давайце шанаваць нашых паважаных воінаў-інтэрнацыяналістаў. Не праходзьце міма. Запыніціся, паслухайце, што яны кажуць. І прыслухайцеся да іх. Ім ёсць што сказаць, ёсць чым падзяліцца. Юрась АЛЕКСАНДРОВІЧ. Фота аўтара

Поделиться в: