З аднаго поля ды на іншае
У механізатараў ААТ «ПроземлеАгра» Сяргея Садоўскага і Дзмітрыя Сялядца маршруты ў такую пару вельмі простыя. Адно поле засеялі – наступнае на чарзе. Як распачалі сяўбу напрыканцы сакавіка, так і шчыруюць працаўнікі штодня. Надвор’е, праўда, прымусіла крыху прыпыніцца. Але ж радасці ад такога адпачынку няма. Бо час прыспешвае, і тэрміны толькі больш жорсткімі становяцца.
Шмат яшчэ працы. І пераязджаць часта даводзіцца. Ёсць палі не толькі ў звыклай зоне адказнасці гаспадаркі. Сяўбу вядуць Сяргей і Дзмітрый у розных кропках раёна. Вішкавічы, Замачак, Церабені, Кругліца… Геаграфія досыць шырокая. І ўсюды трэба паспець.
Звыклы распарадак дня ў працаўнікоў. Калі надвор’е не псуецца, то графік у іх, так бы мовіць, пяцьдзясят на пяцьдзясят. Інакш кажучы, палову сутак у полі, палову – дома. Прачнуліся, якая гадзіна на зборы, тэхніку пераправерылі, заданне атрымалі, завялі маторы – і пайшло-паехала. Хлопцы зараз – галоўныя дзеючыя асобы ў акцыянерным таварыстве. Ад іх вельмі шмат што залежыць.
Цікава, што Сяргей Садоўскі мае не самы вялікі досвед у якасці механізатара. Трактарам навучыўся кіраваць у 2021-м. А да гэтага працаваў у жывёлагадоўлі.
– Быў даглядчыкам на ферме, а потым брат пераканаў перасесці на трактар, – прызнаўся сённяшні сейбіт. – Атрымаў правы, не шкадую, што змяніў спецыялізацыю. Навучыўся сеяць. Іншыя работы ў полі магу выконваць. Кожная кампанія – своеасаблівы выклік. Шмат цяжкасцяў. Але ж і зарабляем увесну няблага. Ды і наогул, на працягу сезону можна не хвалявацца – без працы сядзець дакладна не давядзецца. Трымай высокі тэмп, забяспечвай адпаведную якасць работ – і здолееш выйсці на добры вынік. Сакрэтаў тут асаблівых няма.
Сапраўды, што яшчэ трэба?.. Напарнік Сяргея цалкам згодны. Дзмітрый Сялядзец з’явіўся ў ААТ «Проземле-Агра» нядаўна. Але ж біяграфія ў яго паказальная.
– Як дасягнуў паўналецця, так і пачаў працаваць на трактары, – расставіў кропкі над «і» механізатар. – Агульны стаж дасягнуў двух дзясяткаў гадоў. Увесь час мой лёс быў павязаны з адной гападаркай. Але ж так склалася, што Аграсэрвіса больш няма. Вось і перайшоў у «Проземле-Агра». Тут мяне ўсё задавальняе. Умовы для плённай працы створаны. Скардзіцца няма на што. Імкнуся рабіць сваю справу годна. Каб ніякіх пытанняў не было.
Так і працуюць Сяргей ды Дзмітрый побач адзін з адным. Руплівыя сейбіты з кожным днём набліжаюць час, калі можна будзе рапартаваць пра першыя прамежкавыя поспехі. Пшаніцу хлопцы з большага пасеялі. Узяліся за бабовыя. Потым з ячменем трэба разабрацца. Збожжавы клін завершаць – спакой толькі прысніцца. Бо ёсць жа, кукуруза. Сяўба скончыцца не хутка. А там таксама не адпачнеш. Бо ў канцы мая настане час корманарыхтоўкі. Гэтая кампанія без нашых герояў таксама наўрад ці абыдзецца. І далей па графіку. Аж да глыбокай восені. Такі лёс механізатарскі. Няпросты, накручасты. Таму і шануюць прадстаўнікоў дадзенай прафесіі. Бо не будзе без іх хлеба на нашым стале. Варта памятаць пра гэта і ўсяляк падтрымліваць працаўнікоў палёў. І кожны раз аддаваць даніну павагі ім.
Юрась АЛЕКСАНДРОВІЧ. Фота аўтара
