Жыве беларуская кніга

У пачатку года ў дзяржаўнай установе культуры “Чашіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” быў распачаты літаратурна-асветніцкі праект “Будзе жыць беларуская кніга — будзе жыць Беларусь…”, прысвечаны  500-годдзю  беларускага кнігадрукавання.  Былі запланаваны конкурсы на лепшае афармленне інавацыйнай выставы і дзіцячых малюнкаў “Наш Скарына”. Таксама бібліятэкары  раёна прынялі ўдзел у абласным конкурсе на лепшую самаробную кнігу.

У намінацыі  “Лепшае мастацкае афармленне твораў дзіцячай літаратуры ” была прадстаўлена  самаробная кніга вершаў для дзяцей Янкі Журбы, выканананая  з разнастайнага матэрыялу: фетр, тканіна, каляровы картон і папера.  Таксама былі выкарыстаны такія метады дэкаратыўна -прыкладнога мастацтва, як   выцінанка, аплікацыя, вышыўка крыжыкам, вязанне кручком. Аўтары — работнікі  дзіцячай бібліятэкі-філіяла №1 г. Чашнікі — загадчык установы Алена Александровіч і бібліятэкар Ларыса Шаламанава.

Кніга легенд і паданняў Чашніччыны, дзе змешчаны цікавыя гістарычныя звесткі,  вершы мясцовых аўтараў,  была заяўлена ў намінацыі  “Лепшае мастацкае афармленне кнігі краязнаўчага накірунку”.  Яна пад назвай “Чашніччына — край таямніц” пабачыла свет дзякуючы загадчыцы аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі Ірыне Люсінай і бібліятэкару Іне Бойка.  Падчас стварэння выкарыстоўваліся разнастайныя прыродныя матэрыялы, аплікацыя з саломкі, фларыстыка, саломапляценне, маляванне акварэллю і лепка з цеста. Да кнігі мелася дапаўненне — куфар з элементамі дэкору з саломкі і бяросты.

За перамогу ў намінацыі  “Лепшае мастацкае афармленне твораў беларускай літаратуры”  таксама змагаюцца і вясковыя бібліятэкары — загадчыца  бібліятэкі-філіяла №17 Чырвонай Раніцы Алёна Мядзюк і бібліятэкар Таццяна Гурко.  Іх калектыўная работа — кніга вершаў Янкі Журбы “Я рос сярод красы прыроды”. Вышыўка крыжыкам, джутавая філігрань, макрамэ, маляванне акрылавымі фарбамі на тканіне — гэта далёка не ўсё з выкарастанай мастрамі тэхнікі. Яны  для сваёй кнігі  таксама зрабілі незвычайны футляр.

ЗВЕРНЕМСЯ ДА КНІГІ  

  

У магазіне  “Кнігі” філіяла № 16 ОАО “Белкніга” да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання  яшчэ ў пачатку года была створана выстава-продаж літаратуры, якая адлюстроўвае гісторыю станаўлення друкарскай справы ў нашай краіне. Дастаткова выданняў, прысвечаных жыццёваму шляху Францыска Скарыны. У асноўным гэта  — кнігі-падарункі: энцыклапедычная серыя ў трох тамах  “Францыск Скарына ” (аўтар Алесь Суша),  “Шляхамі Францыска Скарыны”(Анатоль Цітоў), “Францыск Скарына” (Анатоль Клышка) і інш.

Трэба адзначыць, што названая літаратура даволі якасная, багата ілюстраваная старажытнымі гравюрамі, фотаздымкамі выдатных мясцін, партрэтамі гістарычных асоб і творамі мастацтва.

СІМВАЛ ПАМЯЦІ

Выстава, прымеркаваная  да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання,  якая адбудзецца ў Чашніцкім Доме рамёстваў, будзе мець назву “Сімвал”.  Увазе наведваль-нікаў мерапрыемства   прадставяць  ручнікі — работы Раісы Агель і Аксаны Карабліной.

Вядома, што са старадаўніх часоў з дапамогай вышыўкі і даматканага палатна жанчыны перадавалі сямейныя сімвалы  і знакі.  Чашніцкія майстры  таксама стваралі свае   ручнікі, выкарыстоўваючы традыцыі продкаў. На  іх,  нібы ў кнізе, адлюстравана каштоўная інфармацыя, якую яны захавалі для наступных пакаленняў.

СКАРЫНАЎСКІЯ ДНІ

У рамках святкавання памятнай даты ва ўсіх бібліятэках раёна пройдуць так званыя скарынаўскія дні “Ля вытокаў кнігадрукавання”.  Запланаваны яны на   жнівень — пачатак верасня. Масавыя мерапрыемствы прадугледжваюць працу з шырокім колам чытачоў, выкарыстанне мультымедыйных прэзентацый. Напрыклад, у Чарэйскай бібліятэцы адбудзецца пазнавальнае падарожжа “Францыск Скарына і яго час”.  У Празямлянскай  слухачам прапануюць  адправіцца ў віртуальнае падарожжа “Па Пражскіх вузкіх вулачках”.  Кола ведаў  “Шляхамі старажытнай  пісьменнасці ” ладзіцца для наведвальнікаў Альшанскай бібліятэкі.  Інфармацыйныя гадзіны”Францыск Скарына”  будуць праведзены ў  Чырвонай Раніцы, а таксама Антапольеўскай, Іванскай  бібліятэках. Дзень  выдатнай асобы “Ля вытокаў кнігадрукавання” запланаваны ў Новалукомльскай гарадской, а гістарычныя віражы “Каля вогнішча даўніны ” — у Лукомльскай бібліятэках.

Літаратурна-гістарычныя падарожжы “Яго прамень не згасне” і “Францыск Скарына, альбо як да нас прыйшла кніга” ладзяцца ў Замачку, Красналуках. Літаратурна-музычныя святы “Скарынаву кнігу ў вечнасць пусціць” — у Кругліцы і Іванску. Гадзіна карыснай інфармацыі “Мовы друкаванай чароўныя словы” і гутарка “Чутны і нам праз стагоддзі грук яго друкаванага станка” пройдуць у Чашніцкай гарадской бібліятэцы. Падарожжа ў гісторыю кнігі “Знакамітыя калісьці друкарні” адбудзецца ў цэнтральнай раённай.

Падчас мерапрыемстваў прадугледжваецца актыўнае прымяненне займальных формаў работы — гісторыка-пазнавальных віктарын.  Таксама запланаваны пасяджэнні клубаў і аб’яднанняў па інтарэсах.

Варвара ЮРКЕВІЧ.

 

Поделиться в:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *