Гэта наша «Кругліца»

Дзень работнікаў культуры штогод выпадае на другую нядзелю кастрычніка. Сёння наша размова пойдзе пра народны фальклорны калектыў «Кругліца», які неаднаразова займаў на розных конкурсах і фестывалях прызавыя месцы не толькі ў раёне, але і ў вобласці.
Створаны ён быў на базе Кругліцкага сельскага Дома культуры яшчэ ў 1976 годзе. Удзельнікі калектыву заўжды спявалі традыцыйныя мясцовыя абрадавыя і пазаабрадавыя песні, ігралі на музычных інструментах, танцавалі, адраджалі народныя абрады. Штогод культурныя традыцыі яго множыліся. 20 снежня 2007 года фальклорнаму калектыву «Кругліца» было прысвоена званне «народны». З таго часу кожныя тры гады ён сваёй творчай працай пацвярджае гэта ганаровае званне. З 2015-га года ім кіруе Тамара Аркадзьеўна Хадасевіч. З ёй мы і сустрэліся, каб больш падрабязна даведацца, чым жыве «Кругліца» сёння.


— Тамара Аркадзьеўна, раскажыце, калі ласка, пра калектыў «Кругліцы», яго ўдзельнікаў.
— Сёння гэта 15 чалавек, узрост артыстаў — ад 12 гадоў да 91, усіх іх звязвае любоў да фальклорнай спадчыны зямлі чашніцкай. Наш гонар — Аляксандра Іосіфаўна Шыбека — старэйшы ўдзельнік калектыву, ёй за 90 гадоў. Яна, як і Наталля Сяргееўна Дубінец, Вольга Ягораўна Чагадаева, Вольга Прохараўна Конанава, Алёна Пятроўна Нямчонак, Валянціна Ула-дзіміраўна Бурэц, Таццяна Сяргееўна Шынкарэнка, Ася Анатольеўна Млявая, Ніна Міхайлаўна Папкова, — цудоўныя выканаўцы песень, танцаў, абрадавых дзей.
Алёна Пятроўна Нямчонак мае шмат узнагарод за ўдзел у песенных конкурсах рознага ўзроўню, Ніна Міхайлаўна Папкова, Валянціна Ула-дзіміраўна Бурэц і Таццяна Сяргееўна Шынкарэнка — салісткі «Кругліцы».

У складзе калектыву і школьніцы Дзіяна Кацар і Таццяна Сазонава, якія на роўных з дарослымі і спяваюць, і танцуюць. Сярод выканаўцаў абрадавых дзей Ірына Уладзіміраўна Піткевіч, Вячаслаў Алегавіч Кацар і Клаўдзія Васільеўна Абрамовіч.

На асаблівым рахунку Валерый Барысавіч Хадасевіч, які валодае цудоўным музычным дарам. Іграе на баяне, гітары і піша музыку да песень, якія выконвае калектыў. І сам добра спявае, яшчэ здымае канцэрты, робіць відэакліпы. Усе ўдзельнікі калектыву — людзі творчыя, цікавыя, пра іх можна расказваць бясконца.
– Некалькі слоў пра сябе.
– Спяваю, і танцую, і ў абрадах удзельнічаю, а яшчэ арганізоўваю фальклорныя экспедыцыі па вёсках, якія знаходзяцца ў зоне нашага абслугоўвання. Таксама ініцыіравала афармленне ў Кругліцкім СДК музея «Беларуская хатка» (2018 год). Ён дзейнічае і зараз, у ім праводзяцца народныя святы і абрады. У вольны час займаюся вырабамі для ландшафтнага дызайну, некаторыя з іх упрыгожваюць тэрыторыю Кругліцкага СДК.
– Якія асноўныя напрамкі дзейнасці вашага калектыву?
– Мы вядзём экспедыцыйна-даследчую дзейнасць, адраджаем і зберагаем народныя святы і абрады, песенныя і танцавальныя традыцыі нашых продкаў, далучаем дзяцей і моладзь да рэгіянальнага фальклору. Сабрана вялікая колькасць розных сцэнарыяў свят, і скарбонка папаўняецца. Але ж асноўная наша задача – адраджэнне народных традыцый. Сведчаннем гэтаму народныя святы і абрады, якія мы праводзім, – «Засеўкі», «Тройца», «Каляды», «Масленіца», «Вялікдзень», «Купалле», «Зажынкі» і іншыя.
За апошнія 3 гады калектывам праведзена 35 народных свят, 51 абрад, сярод якіх «Сорак Саракоў», «Бабка казкі пляце чараўніцаю», «Вербніца», «Зажынкі», «Яблычны спас яблычка прыпас», «Жаніцьба коміна», «Нашы бабулі варажылі» і іншыя. Песенны рэпертуар «Кругліцы» – 56 абрадавых і беларускіх народных песень. За тры гады калектыў даў 74 канцэрты, з іх 41 – у аддаленых вёсках. Як правіла, пры правядзенні свята вёсак мы арганізуем і выставы народнай творчасці. Удзельнікі калектыву заўсёды ў творчым пошуку.
– Вас даводзілася неаднаразова бачыць і на раённых сцэнах. Расскажыце крыху аб гэтым.
– Сапраўды, калектыў пастаянна ўдзельнічае ў шматлікіх раённых мера-прыемствах: прысвечаных дням горадоў Чашнікі, Новалукомль, у канцэртах, прысвечаных Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дню Перамогі, справаздачных канцэртах калектываў мастацкай творчасці і аматарскіх аб’яднанняў са званнем «народны» «Сузор’е талентаў», аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці «Не старэюць душой ветэраны», конкурсе фальклорных калектываў «Чашніцкая скарбонка» і іншых. Прымалі ўдзел у свяце народных рамёстваў «Справа» ў Белай Царкве.
– Раскажыце пра здымкі ў тэлепраграмах.
– Наш калектыў прымаў удзел у тэлепраграмах «Беларуская кухня» (2018 год), выступаў з міні-канцэртам «Старыя песні аб галоўным» і абрадам калядавання «Гэта мы – калядоўшчыкі» ў тэлепраграме «Вячэрні Віцебск» (2019), з міні-канцэртам і элементам вясельнага абраду «Выкраданне посуду» ў тэлепраекце «Наперад у мінулае» (2019), з міні-канцэртам для нямецкай спявачкі Дарэн Куцке і прадстаўнікоў нямецкага тэлеканала «ARTE» (2019).
– А ці даводзілася ўдзельнічаць у «Славянскім базары ў Віцебску»?
– Такі вопыт маем, народны калектыў прымаў удзел у конкурсе тэматычных тэатральных пляцовак брэндаў гарадоў і раёнаў вобласці «Вандроўкі па родным краі» з гульнёвай праграмай «Гульні нашых продкаў» у рамках ХХVІІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» (2019).
– Народны фальклорны калектыў «Кругліца» неаднаразова займаў прызавыя месцы не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Аб гэтым сведчыць вялікая колькасць грамат і дыпломаў. Сярод узнагарод і Падзячны ліст старшыні Чашніцкага райвыканкама за адраджэнне і захаванне народнай спадчыны Чашніччыны, актыўны ўдзел у культурным жыцці раёна, за самабытнасць і папулярызацыю народнай творчасці сваёй малой радзімы. Падзяліцеся сакрэтам вашага поспеху.
– Творчы поспех народнага фальклорнага калектыву «Кругліца» складаецца з багатага вопыту і любові да беларускай народнай творчасці, адданасці справе. Кожны выхад на сцэну – вялікая адказнасць. Мы імкнёмся, каб выступленне было яркім, запамінальным, дарыла гледачам добры настрой.
Дзякуй Вам за размову. Віншуем Вас і калектыў «Кругліцы» са святам! Няхай ваша праца і далей прыносіць вам і ўсім нам задавальненне, а калектыву яшчэ – любоў гледачоў.

Марына МІШУЛКОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *