«Цяпінскі пірог» і сувеніры ад нашчадкаў таленавітага асветніка
На працягу двух апошніх гадоў на Чашніччыне праводзіцца фестываль, прысвечаны земляку, выдатнаму асветніку Беларусі Васілю Цяпінскаму. Традыцыйна ён выпадае на канец мая. У мінулым годзе адзначыць яго перашкодзіла пандэмія каранавіруснай інфекцыі. Мерапрыемствы, запланаваныя ў рамках фестывалю, прайшлі пад час святкавання 516-годдзя горада Чашнікі. У гэтым годзе праходзіць у назначаны час і працягваецца два дні. Учора гасцей сустракалі ў Цяпінскай дзіцячым садзе-сярэдняй школе, сёння – у райцэнтры.
А падрыхтоўка да гэтай важнай падзеі вялася на працягу не аднаго месяца. За-дзейнічаны ўсе ўстановы, шмат даручэнняў трэба было выканаць. У рэалізацыі за-планаванага ўдзельнічалі не толькі жыхары райцэнтра, але і землякі слыннага асветніка. Старшыня Празямлянскага сельвыканкама і старэйшына вескі Цяпіна арганізавалі правядзенне суботніка па добраўпарадкаванні прыдамавых тэрыторый, адправілі запрашэнні на свята знакамітым землякам. Старанна папрацавалі калектыў і вучні мясцовай установы адукацыі.
Сімвалічна, што на фасадзе школы з’явіўся банер з выявай земляка. Вось і ў пятніцу Васіль Цяпінскі нібы сустракаў усіх, хто завітаў на свята. Установа адукацыі з’яўляецца цэнтрам захавання памяці пра Васіля Цяпінскага. Удзельнікаў урачыстасцяў запрасілі ў гісторыка-краязнаўчы музей, які носіць імя земляка. Створаны ён па ініцыятыве настаўнікаў і вучняў, змяшчае больш за 200 экспанатаў. Адзін з раздзелаў, безумоўна, прысвечаны асветніку, гуманісту і палымянаму патрыёту зямлі беларускай. Вучні-экскурсаводы расказалі пра генеалагічнае дрэва роду Цяпінскіх, паведамілі звесткі з жыцця і дзейнасці асветніка.
Далей увазе гасцей былі прапанаваны выставы дзіцячых малюнкаў «Я малюю любімую веску», макетаў сядзібы Васіля Цяпінскага.
Цікавы пазнавальны квэст «Таямніцы Цяпінскай зямлі» прайшоў у рамках фестывальных мерапрыемстваў. Паспяхова яго прайсці змаглі тыя, хто добра ведае гісторыю роднага краю і знакамітых землякоў. Хлопчыкам і дзяўчатам давялося прыгадаць год ўзнікнення Чашнік, паходжанне яго назвы і іншыя геаграфічныя звесткі. А таксама – па-знаць таленавітых землякоў, жыхароў раёна, архітэктурныя будынкі па фотаздымках і расказаць, чым яны праславілі наш край або дзе знаходзяцца. Вучні, выканаўшы заданні, даведаліся, якім дэвізам кіраваўся ў жыцці Васіль Цяпінскі: «З народам я загіну, з народам і ўваскрэсну».
Прыемна было адзначыць, што нашчадкі славутага земляка ведаюць гісторыю свайго краю. Усе ўдзельнікі квэсту атрымалі заслужаныя ўзнагароды.
Далей госці свята накіраваліся да пляцоўкі, дзе праходзіў конкурс чытачоў «Мая Радзіма – Беларусь!». У ім прынялі ўдзел 11школьнікаў. Яны сур’езна рыхтаваліся, хваляваліся, калі дэкламавалі вершы пра Радзіму, родную вёску. Кожны змог эмацыянальна перадаць свае пачуцці гледачам і членам журы.
Пранікнена гучалі аўтарскія вершы Лізаветы Гардзіёнак, вучаніцы 10 класа, «Квітней, мой родны край» і васьмікласніцы Ульяны Папко «Родная вёска».
Станіслаў Бармінаў, вучань 11 класа, і Ангеліна Варгаліонак, вучаніца 10 класа, падрыхтавалі для конкурсу вершы, прысвечаныя славутаму земляку. Станіслаў дэкламаваў твор Генадзя Юржыца «Васілю Цяпінскаму», а Ангеліна выступіла з вершам «Памяці Васіля Цяпінскага», напісаным Жаннай Генадзьеўнай Прышчэп, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.
Жыхары цяпінскай зямлі, як і ўсе беларусы, славяцца сваімі талентамі і гасціннасцю. Менавіта таму ў рамках святочных мерапрыемстваў былі арганізаваны выстава-ярмарка «Цяпінскі россып талентаў» і выстава-продаж «Цяпінскія прысмакі». Наведвальнікам прапанавалі сувенірныя падарункі ў розных тэхніках. Усе, незалежна ад узросту, густу і прыярытэтаў, змаглі выбраць унікальныя аўтарскія вырабы ручной работы. Таксама ўдзельнікі святочных мерапрыемстваў пачаставаліся і ацанілі стравы, прыгатаваныя калектывам установы адукацыі.
Здаўна каравай з’яўляецца сімвалам матэрыяльнага дастатку, падаецца на самыя значныя святы і падзеі ў жыцці беларусаў. Караваем сустракаюць і частуюць самых дарагіх гасцей. Вось і святочныя мерапрыемствы ў рамках фестывалю Васіля Цяпінскага не абышліся без яго.
Удзельнікаў запрасілі на аўкцыён «Цяпінскі пірог». Праходзіў ён весела, з гульнямі, песнямі і сцэнкамі. Завяршыўся – дэгустацыяй пірага.
Далей увагу гасцей свята прыцягнула імправізаваная канцэртная пляцоўка. Добры настрой і станоўчыя эмоцыі дарылі самадзейныя артысты Чашніцкага гарадскога Дома культуры.
Сёння святочныя мера-прыемствы ў рамках фестывалю праходзяць у горадзе Чашнікі, на плошчы Свабоды.
Прыемных вам уражанняў. Няхай фестываль Васіля Цяпінскага стане традыцыйным!
Наталля СТУКАЛАВА.