Бацькаўшчына. Пра тое, як выглядаў касцёл у Чашніках, мы можам меркаваць, дзякуючы малюнку Напалеона Орды

Пра тое, як выглядаў касцёл у Чашніках, мы можам меркаваць, дзякуючы малюнку Напалеона Орды. Даследчыкі гісторыі літаральна разабралі яго на пікселі, каб зразумець веліч і непаўторнасць гэтага храма. Мы працягваем праект «Бацькаўшчына», прымеркаваны да Года гістарычнай памяці, і сёння наша ўвага прыцягнута да таго месца, дзе ў райцэнтры шмат гадоў таму ўзвышаўся цагляны касцёл.

Касцёл, Чашнікі.

На жаль, лёс гэтага будынка склаўся трагічна, ён не захаваўся да сённяшніх дзён. Але пра тое, што касцёл існаваў, у Чашніках добра ведаюць і зараз. Найбольш дапытлівыя яшчэ і раскажуць вам пэўныя звесткі пра гэты храм. Яны даволі цікавыя і заслугоўваюць таго, каб яшчэ раз пра гэта нагадаць.

Гісторыкі называюць дакладную дату з’яўлення цаглянага храма ў гандлёвым мястэчку — 1786 год. Дарэчы, касцёл будавалі сем гадоў у бытнасць прыёра Гуціскага. храм быў выкананы ў формах позняга барока і лічыўся самым вялікім касцёлам у Беларусі. На дзвюх яго фасадных вежах  размяшчаліся гадзіннік і тры званы, адлітыя ў Рызе. Чашніцкі касцёл стаў выбітным тварэннем архітэктуры XVIII стагоддзя.

У 1816 г. храм упрыгожылі насценныя роспісы, частка якіх захоўвалася да пачатку XX ст. Самым жа каштоўным яго аздабленнем лічылася скульптура Ісуса, выразаная мясцовым жыхаром, нейкім Прыстай у пачатку XVIII ст. Да гэтай скульптуры здзяйсняліся паломніцтвы з усёй Віцебшчыны. Алтар упрыгожвалі абразы, намаляваныя мастаком В. Лейндорфам.

Сучасны выгляд таго месца, дзе стаяў касцёл.

Пасля паўстання 1863 года касцёл спачатку закрылі, а пасля таго, як тут прадстаўнікі новага выступлення каталікоў зрабілі свой апорны пункт, яго перадалі праваслаўнай епархіі.

Цікавы факт. Мясцовая шляхта была катэгарычна супраць таго, каб касцёл існаваў у якасці праваслаўнай царквы. У пошуках праўды чашнічане дайшлі да Святога Сінода ў Пецярбургу. А пакуль пытанне вырашалася, прадстаўнікі каталіцкай шляхты днём і ноччу вартавалі касцёл. Але гэта не дапамагло, і з 1868 г. храм стаў называцца Мікалаеўскай царквой. Уся маёмасць  была перададзена ў іншыя касцёлы, а знакамітую скульптуру Ісуса Хрыста перавезлі ў капліцу Валадковічаў у Іванску. Улада забараніла нават выстаўляць гэтую святыню напаказ ці падчас богаслужэнняў. Захоўвалася яна ў спецыяльнай шафе, якая зачынялася на ключ.

З прыходам савецкай улады разгарнулася барацьба з рэлігіяй. У 1930 годзе башні Мікалаеўскай царквы знеслі, і храм ператварыўся ў Дом культуры. У гады Вялікай Айчыннай вайны з ім была звязана яшчэ адна трагічная гісторыя: менавіта тут правялі апошнюю перад масавым расстрэлам ноч жыхары Чашніцкага гета.

Пасля вайны, у шасцідзясятыя гады, будынак касцёла быў канчаткова знішчаны. У райцэнтры расказвалі, што для гэтага спатрэбілася спецыяльная тэхніка, бо сцены храма былі надзвычай трывалымі. А ў 1962 годзе на гэтым месцы пабудавалі школу, якая сёння мае статус гімназіі.