Праект «Бацькаўшчына» працягваецца, і сёння мы раскажам вам пра храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца

За тры кіламетры ад Чашнік уздоўж ракі Улы раскінулася вёсачка Браздзецкая Слабада. Калісьці цэнтрам прыцягнення тут быў храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца.

Пабудаваны ў другой палове XIX стагоддзя на маляўнічым прыбярэжным лузе, ён і сёння, нават у паўразбураным ста­не, вабіць погляд сваёй ціхай прыгажосцю. Калі знаходзіш­ся побач, адчуваеш, што гэта асаблівае месца. Месца сілы і супакаення.

Едзеш па цэнтральнай вуліцы і нечакана сярод дахаў дамоў і галін прыдарожных вербаў сустракаеш будынак царквы. І … гняздо буслоў на месцы былой макаўкі цар­коўнай званіцы. Як быццам птушкі знарок выбралі для свайго будаўніцтва храм, каб і людзям паказаць пры­клад стварэння. Дарэчы, бу­сел на Беларусі спрадвеку — свяшчэнная птушка, сувязное звяно паміж небам і зямлёй, сімвал чысціні і адраджэння. Хочацца верыць, што і людзі калісьці адновяць Божы храм, у будаўніцтва якога ўклалі сваю душу ды працу іх далёкія продкі.

Сучасны выгляд Свята-Мікалаеўскай царквы. Ранейшыя здымкі, на жаль, не захаваліся

Храм парадкам пацярпеў за час вайны і ў наступныя гады, калі ён выкарыстоўваў­ся мясцовым калгасам пад склад угнаенняў. Да нашых дзён захаваліся толькі сце­ны, барабан цэнтральнага купала і званіца. Аднак і яны даюць уяўленне пра былую веліч будынка, узведзенага, паводле архіўных дадзеных, каля 1858 года ў стылі поз­няга класіцызму. Мяркуючы па падабенстве аблічча хра­ма з архітэктурным рашэн­нем Спаса-Праабражэнскай царквы ў Чашніках, а таксама супастаўляючы гады іх пабу­довы, можна гаварыць, што будаўніцтва Свята-Міколь­скай царквы арганізаваў той жа чалавек – вядомы мецэнат Ігнат Валадковіч.

Царква Свяціцеля Міка­лая дзейнічала да 1929-1930 гадоў. Потым была зачыне­на, а апошні яе настаяцель – святар Васіль Вайткевіч, які праслужыў у ёй з 1901 года, — быў пераведзены ў с. Мар­

цінава Лепельскага павета. Да рэвалюцыі акрамя выканан­ня абавязкаў святара бацюш­ка выкладаў у вучылішчы Міністэрства народнай асве­ты, якое знаходзілася не­падалёк ад храма. Будынак вучылішча не захаваўся да нашых дзён, затое на вяско­вай вуліцы яшчэ і сёння стаіць хата, дзе жыў са сваёй сям’ёй айцец Васіль.

У гэтым доме жыў калісьці Васіль Вайткевіч

Усё менш застаецца лю- дзей, якія з расказаў дзя­доў і бабуль памятаюць пра часы, калі гучалі званы Свя­та-Мікольскай царквы і спя­шаліся пад яе скляпенні на нядзельную службу святочна апранутыя сяляне. Але заўсё­ды прыцягвала царква дзетак, была ўлюбёным месцам іх гульняў ды пошуку скарбаў. Мясцовыя жыхары распавя­даюць, што яшчэ ў савецкія часы некаторыя спрабавалі раскопваць зямлю на тэрыто­рыі царквы, але знайшлі пры гэтым рэшткі людзей, паха­ваных пад храмам, пасля чаго раскопкі спынілі.

Аднак нават і сёння людзі не забываюцца пра былую царкву, прыбіраюць тэры­торыю вакол яе. Штогод, 21 мая, на дзень памяці Свяціце­ля Мікалая, да прысвечанага яму храма з Чашнік здзяйс­няецца Хросны ход, на месцы служыцца малебен.

Калі паглядзець на храм з процілеглага боку ракі, то здаецца, што гэта – белы кара­бель, які плыве па хвалях часу ўздоўж старажытных берагоў Улы. Ён нясе нам пасланне ад нашых прадзедаў: як дрэва моцнае сваімі каранямі, так памяццю аб мінулым жыве народ.

 

 Андрэй Шыдлоўскі