Рассказываем историю православного храма в агрогородке Красналуки

Аграгарадок Красналукі згубіўся сярод лясоў на самай мяжы Чашніцкага раёна. Яшчэ да 30-х гадоў мінулага стагоддзя ён быў тыповым мястэчкам: некалькі вуліц з тратуарамі, цагельня, дзве школы, крама і клуб. Аж да вайны тут захоўваліся старажытная двухпавярховая сінагога і драўляная царква.
Праваслаўную царкву пачалі буда- ваць у 1862 годзе на грошы, выдзеленыя ўрадам, а завяршылі толькі праз 14 гадоў, калі ў 1876-м адбылося асвячэнне храма ў імя Святога Духа. Размешчаны на высокім пагорку, даступны агляду з усіх бакоў, ён нават архітэктурна выступаў у якасці цэнтра Красналук. Напярэдадні прыхадскога свята, на Сёмуху, у Красналуках праходзіў штогадовы кірмаш, які збіраў шматлікіх сялян з навакольных вёсак. Нават калі царква пасля рэвалюцыі была зачынена, традыцыя працягвалася доўгія гады аж да Вялікай Айчыннай вайны.
Чорным віхурам смерці прайшлі па нашай зямлі нямецка-фашысцкія захопнікі. Яны фактычна сцерлі з твару зямлі ранейшыя, даваенныя Красналукі, у кар’еры каля цагельні забілі больш за трыста яўрэяў. Снарадам была знішчана і драўляная Свята-Духаўская царква.
У пасляваенныя гады на былым каменным падмурку храма быў пабудаваны сельскі дом культуры, які да гэтага размяшчаўся ў будынку старой сінагогі. На працягу наступных дзесяцігоддзяў менавіта клуб заставаўся на вёсцы адзіным цэнтрам духоўнага жыцця.
У перабудову і цяжкія дзевяностыя людзі сталі вяртацца да сваіх гістарычных і культурных каранёў. Тады ў мясцовых жыхароў і ўзнікла ідэя аднаўлення храма. Ураджэнец суседняй вёскі Міхалова Анатоль Казырыцкі не проста выказаў такую прапанову, але і выступіў мецэнатам, прафінансаваўшы разам з землякамі рэалізацыю праекта. Ніхто не ведаў першапачаткова, як выглядала папярэдняя царква, вонкавае аблічча храма распрацоўвалі нанова. Але якое ж было здзіўленне, калі пазней, дзякуючы знойдзеным старадаўнім фатаграфіям, удалося ўстанавіць, што новы храм амаль паўтарае архітэктурныя формы ранейшай культавай пабудовы.
Царква ў імя святога праведнага Іаана Кранштадскага была пабудавана ў 1999 годзе. Людзі самастойна заказвалі падсвечнікі, ахвяравалі іконы, пашылі заслону для царскай брамы. Як успамінаюць прыхаджане, яшчэ не былі канчаткова выкладзены падлога, а іканастас склалі з чорна-белых, знятых на ксераксе, ікон, калі ў храме адслужылі першую літургію. Пры падтрымцы мясцовых улад стварылі нядзельную школу.
Красналукі зноў змяніліся, толькі зараз у жыхароў, як і сто гадоў таму, ёсць свой храм. Цяперашні святар, іерэй Канстанцін Грыгаровіч, працягвае служэнне папярэднікаў, нясе Божае слова людзям. Пры ім царкву ўвянчалі паўнацэнныя купалы. Тэрыторыя вакол добраўпарадкавана. Але самае галоўнае, як адзначае айцец Канстанцін, гэта «добраўпарадкаванне» чалавечых душ. Бо знешняя набожнасць нічога не вартая, калі чалавек у паўсядзённым жыцці не пачне ўвасабляць ідэалы хрысціянства, такія блізкія і зразумелыя нашым продкам.
Андрей Шидловский