Нашы на свяце «Яблычны фэст»

Жнівень… Заканчваецца лета. Апошнія летнія дні быццам на развітанне дораць цяпло і сонца. Шчодрае лета збіраецца адпачыць пасля ўсіх тых цудаў, якія яно нам падарыла. Але пакуль зямля яшчэ ўпрыгожана кветкамі, травы наліты гаючай сілай, плады — сонечнай энергіяй, а душы людзей напоўнены надзеяй на дабро і каханне.

21 жніўня на гасціннай шаркаўшчынскай зямлі, у Алашках, праходзіла абласное свята аматарскіх аб’яднанняў «Яблычны фэст» . Нашы самадзейныя артысты народнага клуба аматараў беларускай нацыянальнай кухні «Смак» філіяла №1 ГДК папяровай фабрыкі некалькі год з задавальненнем прымаюць у ім удзел.
Спачатку традыцыйна ўсіх запрасілі наведаць маляўнічыя мясціны ў Алашках, дзе жыў і працаваў знакаміты беларускі садавод-селекцыянер Іван Паўлавіч Сікора. Каля яго сядзібы прайшла акцыя «Яблыня міру». Усе жадаючыя маглі замацаваць на галінках дрэва памятныя стужкі з нанесеным на іх нацыянальным беларускім арнаментам.
«Яблычны фэст» праходзіў на шматлікіх пляцоўках, дзе можна было паспяваць і патанцаваць з творчымі калектывамі, душой адпачыць у літаратурна-музычных гасцёўнях, завітаць на багатыя і хлебасольныя падворкі. Клуб «Смак» прыехаў з выставай-дэгустацыяй «Яблычны фудкорт», дзе прадставіў свае неардынарныя прысмакі.
Непаўторным каларытам выдзялялася і чашніцкае падвор’е, шмат гасцей завітала на яго. Гаспадыні ўразілі ўсіх кулінарнымі талентамі і веданнем асаблівасцяў прыгатавання нацыянальных страў, дзяліліся сакрэтамі захавання традыцый, а жадаючыя мелі магчымасць усё паспрабаваць.
Праграма свята была насычанай і ўключала правядзенне шматлікіх конкурсаў, спаборніцтваў, выстаў і іншае. Нашы артысты паўдзельнічалі ў конкурсе «Fashion-пудзіла».
На «Яблычнай алеі» праходзіла прэзентацыя аматарскіх аб’яднанняў вобласці, а на галоўнай сцэне з канцэртнай праграмай выступалі вядучыя самадзейныя калектывы раёна. Нашы землякі прадставілі прэзентацыю «Знакамітыя людзі зямлі чашніцкай», дзе расказалі пра Я. Журбу, В. Цяпінскага, Ж. Алфёрава і іншых землякоў. Вядучая прачытала верш В. Гарбачовай «Пасвячэнне Цяпінскаму». Далей паказалі цікавае тэатралізаванае прадстаўленне з удзелам гаспадыні і гаспадара, яблынь, пудзіла.
Для гасцей свята працавалі дзіцячыя гульнёвыя пляцоўкі, фотазоны. Можна было набыць памятныя падарункі, пачаставацца смачным і салодкім яблычным пірагом.
Напрыканцы ўсе ўдзельнікі свята былі ўзнагароджаны дыпломамі за актыўны ўдзел.
«Яблычны фэст» для нашага калектыву «Смак» у чарговы раз стаў святам сяброўства, творчасці і добрага настрою.
Ірына САЛАЎЁВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *