Папялішча не тлен…

Изображение 934 Изображение 937
Існавала калісьці на Чашніччыне вёска Федзькі. Зараз пра гэты населены пункт мала што нагадвае. Хіба што могілкі. Ад Прыстояў крочыш па полі да лесу. І вось перад табою месца, якое шмат гадоў таму Федзькамі называлася. Нават не верыцца, што ў 1906 годзе (сведчаць дакументы) у вёсцы налічвалася 17 двароў, тут жылі 115 чалавек. Вяскоўцам належала больш 150 дзесяцін зямлі. Федзькі адносіліся да чашніцкага праваслаўнага прыходу.
Напачатку Вялікай Айчыннай у вёсцы было ўжо 26 двароў і 124 жыхары. Напакутваліся людзі ў ваенны час. А вясной 1944-га фашысты спалілі вёску. Ужо пасля вызвалення частку хацін адбудавалі.
Не спыняецца час… Але ж папялішча не тлен. Павінна застацца памяць. Так палічыў Эдуард Цімафеевіч Фядзько. Чалавек гэты, так склаўся лёс, шмат гадоў працаваў на адказных пасадах у Мінску. А нарадзіўся ён якраз у Федзьках. З’явіўся на свет у 1940-м. Яго бацька быў забіты гітлераўцамі 6 красавіка 1944-га. Разам з іншымі партызанамі нарваўся на нямецкі патруль. Спачатку пахавалі героя ў Мядзведску, а потым перанеслі прах у Федзькі. Сын усё жыццё марыў пра тое, каб ушанаваць памяць бацькі і іншых вяскоўцаў. Каб ведалі нашчадкі, што здарылася на яго малой радзіме. Наша газета распавядала пра ініцыятыву мінчаніна Эдуарда Фядзько. І вось на могілках з’явіўся нарэшце памятны знак. На пліце напісана, што ў суровыя ваенныя гады ўсе 26 хат былі спалены нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Іванскі сельвыканкам і камунальная служба райцэнтра навялі парадак на могілках. У хуткім часе тут плануецца пасадзіць 26 бярозак. Жыццё працягваецца. Нельга забываць ўрокаў мінулага. Памятаць – наш агульны абавязак.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *