Каб быў сноп на сто коп

У гаспадарках Чашніцкага раёна даўно стала добрай традыцыяй кожны год пачынаць уборку збожжавых правядзеннем «Зажынак». Ёсць у гэтым народным свяце пачатку жніва штось велічна-прыгожае, што ўздымае настрой, аб’ядноўвае і мабілізуе людзей у важнай і адказнай справе.
У мінулы аўторак КУСГП «Красналуцкае» адным з першых на Чашніччыне прыступіла да ўборкі хлеба. У гэты дзень бліжэй да паўдня ва ўрочышчы Ерынова за цэнтральнай сялібай аграгарадка на жытнёвым полі сіламі Красналуцкага сельскага дома культуры ладзіліся «Зажынкі». У выкананні самадзейных артыстаў гучалі беларускія народныя песні пра родны кут зямлі, нялегкую і пачэсную хлебаробскую справу.
Колькі часу — і ў руках у жанчын у нацыянальным беларускім адзенні, зажынаючых сярпамі, першы сноп з калосся новага ураджаю. Прыгожы, залацісты, яго па народных традыцыях на добры ўраджай уручаюць гаспадару, дырэктару сельгаспрадпрыемства У. У. Касцюкову.
Віталі механізатараў, усіх удзельнікаў мерапрыемства цёплымі словамі, жадалі поспеху ў рабоце старшыня раённага Савета дэпутатаў А. Д. Косаў, дырэктар «Красналуцкага» У. У. Касцюкоў, галоўны аграном прадпрыемства Д. П. Валасач. Ад гасцінных вяскоўцаў — ім каравай з новага ўраджаю.
Тут жа, ля камбайнаў і аўтамабіляў, галоўныя ўдзельнікі важнейшай сельскагаспадарчай кампаніі — механізатары. Ім — увага і пашана, кожнаму — таксама каравай з новага ўраджаю і кветкі. Каб плённай была праца…
І вось ён, хвалюючы момант. Аляксандр Дзмітрыевіч і Уладзімір Уладзіміравіч пераразаюць чырвоную стужку, тым самым даюць старт жніву-2017.
Яшчэ колькі хвілін – і камбайнеры, іх памочнікі, вадзіцелі аўтамабіляў хуценька разбегліся кожны да сваёй машыны. А цішыню навакольных прастораў уладна разбудзіў гул матораў …
Наперадзе праца, зранку да позняга вечара, нялёгкая, да салёнага поту.
Хай зямля спаўна аддзячыць важкім коласам працавітым рукам хлебаробаў!
Хай шчодрай будзе ніва!

МІХАІЛ ДЗЕРАВЯГА.

P.S. Не раз даводзілася бываць у «Красналуцкім» падчас «Зажынак», і ў чарговы раз з радасцю адзначаю: жыве народная традыцыя, і як добра, што сярод удзельнікаў мерапрыемства не толькі працаўнікі гаспадаркі, мясцовыя культработнікі, прадстаўнікі мясцовай улады, а і жыхары цэнтральнай сялібы, з дзецьмі рознага ўзросту…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *