Хлеб — усяму галава

Пахне хлебная скарынка
Цёплым ветрыкам, хваінкай,
Летнім дожджыкам грыбным,
Лугам, полем аржаным
І асенняй пазалотай
Ды натхнёнаю работай.

                                            А. Дзеружынскі.


Этнаграфічная лабараторыя «Хвала хлебу» ў адзін з восеньскіх дзён распачала сваю дзейнасць у Чашніцкай раённай бібліятэцы. На мерапрыемстве прысутнічалі навучэнцы старэйшых класаў гарадскіх школ.
Хлеб — слова святое, якое змяшчае ў сабе любоў да роднай зямлі, павагу да працавітых рук чалавека, якія вырасцілі яго, і ўдзячнасць за тое, што ён ёсць на стале…
Работнікі бібліятэкі запрасілі ўсіх прысутных у дзівосны свет беларускіх традыцый, працы, таленту і прыгажосці.
Вершаваныя радкі пра хлеб, зерне, руплівую працу хлебароба, трапна падабраныя у адпаведнасці з тэматыкай, стваралі патрэбны настрой і прымушалі задумацца над іх сэнсам.
Зернем нівы заспявалі
Хлебаробы ў весні час,
Сэрцам шчодра сагравалі,
Клапаціліся пра нас…
Спрадвеку хлеб у беларусаў лічыўся сямейнай рэліквіяй, сімвалам жыцця і дабрабыту. Калі з рук падаў кавалак хлеба, яго асцярожна падымалі і прасілі прабачэння.
І з прыгатаваннем хлеба звязана мноства абрадаў і павер’яў. Напрыклад, перш чым мясіць цеста, жанчына павінна была памыцца і перахрысціцца. А пры пасадцы хлеба ў печ каму-небудзь знаходзіцца на ёй непажадана было. Як і расчыняць хлеб у дрэнным настроі, а таксама падчас прыгатавання хлеба ў печы — гучна размаўляць ці спрачацца.
Хлеб заўсёды быў неад’емным атрыбутам разнастайных абрадаў і свят — сватаўства, вяселля, радзін, адкрыцця веснавых палявых работ, закладкі новай хаты і інш. Цікава, што калі адвучалі дзіця ад малака маці, яму давалі ў руку акраец хлеба і казалі: «Ідзі на свой хлеб».
Сімвалы ўраджаю прысутнічалі і ў беларускім арнаменце. Найбольш папулярным быў Жыцень, які нагадваў дажынкавы вянок. Слова «жыта» паходзіць ад слова «жыццё». Ёсць хлеб — значыць, ёсць і жыццё.
Жыта, жыта:
Доўгая дарога —
Ад зярнят рассыпістых, малых
Да буханкі хлеба аржанога,
Да акрайца ў руках тваіх.
Жніво, як і сяўбу, лічылі святой справай, таму яе пачатак даручалі самай паважанай жанчыне. А яна згодна традыцый жала жыта, потым маленькі снопік несла дахаты і ставіла на покуці пад абразамі.
Расказвалі вядучыя і аб паважлівых адносінах да хлеба, і аб розных «хлебных» словаўтварэннях. Што такое, напрыклад, скіба, луста, акраец, каравай, скарынка? Усе ўдзельнікі сустрэчы таксама з задавальненнем адказвалі на пытанні віктарыны пра хлеб, працягвалі прымаўкі, адгадвалі загадкі, успаміналі народныя казкі.
Напрыканцы мерапрыемства праслухалі прытчу пра хлеб: «Паспрабуй тыдзень не паесці — аддасі ўсё сваё золата за кавалак хлеба. Вось і зразумей сам, што самае каштоўнае ў нашым жыцці…»
«Усё не бяда, калі ёсць хлеб ды вада». Нездарма народны фальклор такі багаты на выслоўі, прыказкі, прымаўкі, звязаныя са значнай каштоўнасцю чалавека — хлебам, бо хлеб — усяму галава.

Наталія ШЫРКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *